Ад моманту вызвалення з СІЗА КДБ Юрый Васкрасенскі анансаваў правядзенне «круглага стала» з удзелам прадстаўнікоў улады і апазіцыі. Гэту падзею шырока афішавалі дзяржаўныя СМІ, Васкрасенскі ледзь не штотыдзень свеціцца ў тэлеканалах. Нават хуценька зарэгістраваў установу «Круглы стол дэмакратычных сіл».

Юрый Васкрасенскі.

Юрый Васкрасенскі.

Хто такі Васкрасенскі? У сярэдзіне 90-х ён быў актывістам апазіцыйнай Партыі камуністаў беларускай (ПКБ), але потым сышоў будаваць кар’еру ў КПБ. Стаў нават дэпутатам Мінскага гарсавета, адтуль яго запрашалі на ўсебеларускі сход у 2010-м і інаўгурацыю Лукашэнку. Сёлета Васкрасенскі нечакана знайшоўся ў камандзе Віктара Бабарыкі, дзе быў адным з каардынатараў зборшчыкаў подпісаў па Першамайскім раёне Мінска.

Пасля выбараў Васкрасенскі апынуўся ў «амерыканцы». У хуткім часе з’явілася ягонае інтэрв’ю Марату Маркаву, якое ён даваў у статусе зняволенага. А на сустрэчы з Лукашэнкам Васкрасенскі сядзеў ад яго па правую руку. Літаральна на наступны дзень ён выйшаў на волю з даручэннем «падрыхтаваць прапановы па зменах у Канстытуцыю».

Апазіцыя Васкрасенскаму не верыць, лічаць, што ён прадстаўляе інтарэсы ўлады, таму ніхто і не далучаецца да яго ўтварэння. Павел Латушка неаднаразова жорстка крытыкаваў Васкрасенскага.

Сваю ўстанову Васкрасенскі зарэгістраваў — дзе б вы думалі? — на былым офісе Віктара Бабарыкі на вуліцы Харужай. Дзіўнае адчуванне: спачатку ў гэтым памяшканні даваў прэс-канферэнцыі Бабарыка, потым аб’яднаны штаб Ціханоўскай, яшчэ пазней Каардынацыйная рада. Але ўсіх іх альбо пасадзілі ў турму, альбо вымусілі з’ехаць з краіны.

Заўсёды ў гэтым памяшканні віравала жыццё, офіс быў поўны людзей. Цяпер жа там амаль нікога няма, незразумела, для чаго Васкрасенскаму такія плошчы. Хаця зразумела, важны сам сімвалізм месца.

Хто ж прыйшоў удзельнічаць у першым мерапрыемстве, тэмай якога, дарэчы, быў «Крымінальны пераслед удзельнікаў пратэстных акцый». Гэта сам Васкрасенскі, былы старшыня назіральнай рады «Тэхнабанка» Уладзіслаў Кацарэнка, які прайшоў праз крымінальны пераслед, старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц, а таксама былы ўдзельнік кампаніі Цапкалы Мікалай Серыкаў.

Васкрасенскі адразу падкрэсліў, што прадстаўнікі МУС знаходзяцца на выязной калегіі ў Віцебску, таму нікога з іх на пасяджэнні няма. Некалькі разоў ён прапіярыў свой тэлеграм-канал, а таксама папікнуў апазіцыю, што яна не закранае праблему друку «Камсамольскай праўды» і «Народнай волі». Сам Васкрасенскі сказаў, што на сувязі з рэдакцыямі гэтых СМІ і дапамагае ім вырашыць праблемы.

«Лідары апазіцыі, што выступаюць за светлую будучыню, нічога не робяць у гэтым кірунку», — папракнуў нібыта калег прамоўца.

Вядома, былі ягоныя словы пра тое, што дыялог можа ісці толькі за круглым сталом, а не на вуліцы. Прагучала страшылка і пра «грамадзянскую вайну на ўзроўні пад’ездаў».

Уладзіслаў Кацарэнка быў прадстаўлены як праваабаронца. Праўда, зусім незразумела, каго ён прадстаўляе. Кацарэнка нудным голасам зачытваў сумесную пазіцыю праваабаронцаў аб спыненні гвалту і вызваленні палітвязняў, якая прадстаўлена на сайце Беларускага Хельсінскага камітэта. Ад сябе толькі дадаў, што «усе пытанні можна вырашаць мірна».

Уладзіслаў Кацарэнка.

Уладзіслаў Кацарэнка.

Наступны прамоўца Мікалай Серыкаў таксама не быў узорам красамоўства. Васкрасенскі прадставіў Серыкава як аднаго з прадстаўнікоў штаба Цапкалы, што не з’ехалі з Беларусі, бо любяць сваю краіну. Тым не менш, мабыць, менавіта Серыкаву належалі ці не самыя рэзкія словы «круглага стала». «Нас хвалюе, што людзей затрымліваюць, яны пакутуюць за выражэнне сваёй пазіцыі шляхам мірных акцый пратэсту».

Мікалай Серыкаў.

Мікалай Серыкаў.

На самой сустрэчы былога кіраўніка штаба Цапкалы Андрэя Ланкіна не было, але Васкрасенскі пераконваў, што той таксама бярэ актыўны ўдзел у працы «круглага стала». Яшчэ Васкрасенскі сказаў, што цяпер пачынае працу з кімсьці з актывістаў Задзіночання беларускіх студэнтаў. Цікава, ці з не тымі, што літаральна два тыдні таму апынуліся ў СІЗА.

З найбольш шырокай прамовай выступіў Віктар Чайчыц. «Безумоўна, адвакаты супраць гвалту. Не толькі крымінальныя справы, але і адміністрацыйныя мяняюць лёс чалавека. Пакаранне ў выглядзе 15 сутак, як правіла, вядзе да далейшага звальнення з працы. Трэба абмяркоўваць усё, у тым ліку і змены ў Канстытуцыю. Гэта пазітыўна і правільна, што людзі хочуць палепшыць асноўны закон краіны», — пачаў прамову Чайчыц.

Віктар Чайчыц.

Віктар Чайчыц.

«Што тычыцца гвалту пры затрыманнях, я згодны з людзьмі, якія лічаць, што патрэбны дыялог і патрэбна высвятляць, чаму так адбываецца. Але тэндэнцыя такая, што людзі не хочуць слухаць адно аднаго.

Што б дзяржава ні рабіла, для асобных людзей гэта ўсё адно будзе кепска, іх гэта раздражняе, нават такія відавочныя рэчы, як змены ў Канстытуцыі. Нам трэба ўсім супакоіцца і не раздражняцца па дробязях. І калі нехта з дзяржаўных чыноўнікаў няправільна разважае, трэба яго крытыкаваць.

Не ўсім падабаецца мая пазіцыя, але я буду з прэзідэнтам, я падтрымліваю ягоную пазіцыю і разумею, колькі ён добрага зрабіў для краіны, але я магу быць з чымсьці нязгодны. Я буду спрачацца з тымі людзьмі, што побач з прэзідэнтам, але парушаюць закон», — сказаў Чайчыц.

Напрыканцы сваёй прамовы Чайчыц запэўніў, што яму абяцалі ў міліцыі, што будуць разбірацца па кожным факце перавышэння паўнамоцтваў, пры гэтым ён сказаў, што на мітынгах камяні кідаюць не толькі правакатары, але і мірныя ўдзельнікі. «Закон натоўпу ніхто не адмяняў. Можа, ніхто ніколі нават не біўся ў жыцці, але ўзяў тут камень. У адзін момант дамовіцца не атрымаецца», — лічыць галоўны адвакат краіны.

Агулам мерапрыемства цягнулася каля сарака хвілін. Слова на развітанне зноў узяў Юрый Васкрасенскі. Ён пачаў гаварыць пра тое, што да многіх прыходзіць разуменне, што раней было не так кепска, што працаваў магазін symbal.by, паўнавартасна дзейнічала вуліца Кастрычніцкая, і варта да гэтага вяртацца. «Было някепска, эмоцыі сыдуць, можа, праз 2-3 месяцы, і ўсе прыйдуць да таго, што трэба размаўляць».

Па ўсім выглядае, што Васкрасенскі мае намер зноў паўдзельнічаць ва Усебеларускім сходзе. Кажа, што калі атрымаецца туды трапіць, то ён хоча агучыць там прапанову амністыі для ўсіх асуджаных і тых, хто праходзіць праз крымінальныя справы па «палітычных артыкулах».

«Калі б такое адбылося, то гэта быў быў бы сімвал перазагрузкі адносін улады і грамадства. Такога раней ніколі не было, але і не было такой сітуацыі, такога вялізнага ціску на нашу краіну, як звонку, так і знутры», — сказаў Васкрасенскі.

Так і прайшло першае пасяджэнне. Ні абяцанай апазіцыі, ні абяцанай улады на сустрэчы так ніхто і не пабачыў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?