8 лістапада ў цэнтры Мінска затрымалі вядомага навукоўца Алеся Жлутку. Жлутку 66 гадоў, ён вядомы лацініст, мовазнаўца і гісторык. Кандыдат філалагічных навук, ён доўгі час працуе ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук Беларусі.

Пасля затрымання было Жодзіна, суд і 10 сутак за кратамі. 

Сёння навуковец ужо на волі. Ён распавёў «Нашай Ніве» пра сваё затрыманне, суд і ўражанні ад зняволення.

«Мяне затрымалі каля Опернага, прыкладна а палове на трэцюю. Я праходзіў па вуліцы, і мяне схапілі сілавікі. Затрымалі карэктна, без гвалту. Адзінае, што калі саджалі ў аўтазак, то мяне ўразіла, што на прыступкі паклалі бел-чырвона-белы сцяг. Пасадзілі ў стакан, там сядзенне на трох чалавек. Мы сядзелі ўтрох і яшчэ трое ў тым стакане ехалі стоячы, — расказвае Алесь Жлутка. —

Даставілі нас у Кастрычніцкае РУУС, перапісалі звесткі. Ля сцяны не ставілі, як у некаторых іншых РУУСах: нас завялі ў хол, там былі крэслы, можна было нават сядзець.

Быў такі момант: перапісвала звесткі жанчына-міліцыянт. І калі я сказаў, што я вядучы навуковы супрацоўнік, міліцыянтка папрасіла — «а можна по-русски»? Я здзівіўся, кажу — мы ж у Беларусі. Па-расейску паўтараць не стаў, ёй там хтосьці растлумачыў, што такое «вядучы навуковы супрацоўнік».

Пасля ў нас знялі адбіткі пальцаў, склалі пратакол: удзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве, выказваў нязгоду з дзеючай уладай. Я падпісаў, што не згодны з пратаколам».

Затым у затрыманых забралі рэчы з кішэняў, рамяні, шнуркі. І на «газелях» адправілі ў Жодзіна. Ехалі ў маленькім «стакане», паветра не хапала, кажа Алесь Жлутка.

«У Жодзіна нас паставілі ля сцяны ў нейкім калідоры, сказалі, каб старэйшыя адышлі ў бок. А моладзь пачалі прымушаць адціскацца, прысядаць па шмат разоў. Адзін хлопец абяссілеў і больш не змог, дык адзін з амапаўцаў пырснуў на яго газам. На гэта амапаўцу яго ж калегі сказалі: ты што робіш, мы ж самі задыхнемся тут! — згадвае навуковец. — Пасля ля такіх кратаў паміж камерамі нас усіх прымушалі сагнуцца ў 90 градусаў, рукі падняць уверх на краты — стаяць так было вельмі нязручна. Старэйшым ці тым, хто казаў, што ён хворы, дазвалялі прысесці ці адпачыць, але пасля зноў патрабавалі вярнуцца ў такую позу. Моладзі такога не дазвалялі.

Нас пасля закінулі ў камеру: на чатыры шконкі было 20 чалавек. Са мною былі спартоўцы Ганін і Краўчанка, але іх перавялі ў іншую камеру, нас засталося 18. Бялізну нам не далі. Але нам нават весела было, дзяліліся гісторыямі».

Спалі па двое на шконках, на стале, на лаўках ля стала, кажа Алесь Жлутка. Толькі на трэцюю ноч людзям далі матрасы.

«Затрымалі мяне ў нядзелю, суд быў у сераду. У Жодзіна сабралі суддзяў з раённых судоў, мяне, напрыклад, судзіла жанчына з Чэрвеньскага раённага суда. Прозвішча яе не памятаю. У іншых, расказвалі пасля людзі, былі суддзі з Мядзеля, Барысава.

Усё стандартна, у той дзень давалі па 10 сутак. Хто казаў, што мае хваробы ці малалетніх дзяцей — тым давалі на суткі менш, 9.

Мяне судзілі хутка, хвілін 5-10. Зачыталі пратакол, я не пагадзіўся, віну не прызнаў. Прысуд — 10 сутак.

Пасля суда мяне перавялі ў камеру на 8 чалавек, — кажа Алесь Жлутка. — У маёй камеры былі людзі старэйшага ўзросту ці з хваробамі — хлопец з дыябетам, з хворымі каленямі.

Як атрымаў я тыя суткі, дык мне неяк і трохі спакайней стала. Наглядчыкі былі розныя. З кімсьці можна было і пагаварыць, хтосьці проста роў на нас, быў больш жорсткі. Быў момант, калі недзе а 3 гадзіне ночы раптам уключылі на поўную радыё з музыкай. Чаму — я не ведаю. Можа той, хто дзяжурыў, вырашыў такім чынам «павесяліцца».

У наглядчыкаў, дарэчы, ёсць завядзёнка сярод дня ўключаць псеўдапатрыятычныя песні па коле: кожны дзень цягам гадзіны. Ну і сярод ночы амаль заўсёды не выключаюць люмінісцэнтныя лямпы.

Але ўражанні па выніку ў мяне самыя лепшыя, бо сядзелі разам са мною людзі з вышэйшай адукацыяй, розных прафесій, рознага ўзросту. І аптымістычны настрой ва ўсіх. Людзі не падалі духам, наадварот — казалі, што будуць і далей выходзіць. Натхнёная і таварыская атмасфера. Айцішнікі былі, быў мужчына з рабочых, прадпрымальнікі былі.

Я лічу, што гэты пратэст працяглы задушыць не ўдасца. Уладам адзінае выйсце — ісці на дыялог з грамадствам, няма куды далей закручваць гайкі. А народ, па маіх назіраннях, здавацца не збіраецца. Таму я веру, што мы ўсё ж прыйдзем да нечага лепшага.

Ці будзе страшна мне выходзіць у горад цяпер у нядзелю? Не. Калі забяруць яшчэ раз — ад турмы і сумы не заракаюцца, як той казаў. Страху няма».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?