Рада Міжнароднай федэрацыі хакея на гэтым тыдні павінна была вырашыць, ці пераносіць Чэмпіянат свету з Беларусі ў іншую краіну, але толькі заслухала даклад экспертнай камісіі. Нерашучасць кіраўніцтва ІІХФ прывяла да бурнай рэакцыі ў самых папулярных еўрапейскіх СМІ, якія ярка выказваліся аб магчымасці правядзення турніру ў Мінску, піша Tut.by.

Вядомы шведскі журналіст Пер Бюрман напісаў калонку для вядучай шведскай газеты Aftonbladet. Ён мяркуе, што сітуацыя з чэмпіянатам у Мінску цалкам адназначная.

«Не разумею, чаму яшчэ ідзе нейкае абмеркаванне? Абсалютна відавочна, што немагчыма праводзіць турнір у краіне, у якой дзяржава тэрарызуе пратэстоўцаў, а кіраўнік федэрацыі хакея, па ўсёй верагоднасці, звязаны з карнікамі.

Рэнэ Фазель, Андэрс Ларсан (кіраўнік шведскай федэрацыі хакея) і іншыя кіраўнікі накінуць на сябе вечную ганьбу, калі вырашаць пакінуць Чэмпіянат свету ў Беларусі», — піша Бюрман.

Ён лічыць, што спартыўныя спаборніцтвы не павінны праводзіцца ў краінах, дзе не выконваюцца правы чалавека, таксама раскрытыкаваўшы рашэння аддаць Алімпіяду Кітаю, а Чэмпіянат свету па футболе — Катару.

«Гэтым летам Беларусь узрушыла паўстанне людзей, якія больш не могуць выносіць прыгнёт, несправядлівасць і адсутнасць элементарных правоў чалавека. Прайшлі масавыя акцыі пратэсту. Адказ рэжыму на іх быў просты: гвалт. Штодня з'яўляюцца паведамленні аб тэроры ў адносінах да дэманстрантаў і нават аб смерці. Апошні выпадак — гібель 31-гадовага Рамана Бандарэнкі. Кажуць, што падчас яго збіцця прысутнічаў кіраўнік федэрацыі хакея Дзмітрый Баскаў, які падтрымлівае дзеянні сілавікоў. 

У такой сітуацыі непрымальна нават думаць аб магчымасці правядзення чэмпіянату ў Мінску.

Рэнэ Фазель усё больш нагадвае хакейнага Зэпа Блатэра (экс-прэзідэнт ФІФА, які пакінуў свой пост з-за абвінавачванняў у карупцыі). Пасля Савета ІІХФ ён толькі выціснуў з сябе некалькі фраз, якія ні да чаго не абавязваюць, пра важнасць чэмпіянату для Міжнароднай федэрацыі. Пра пакуты беларускага народа Фазель не вымавіў ні слова», — піша Бюрман, у канцы артыкула яшчэ раз заклікаўшы перанесці чэмпіянат з Беларусі.

На старонках Aftonbladet таксама выказаўся і легендарны шведскі хакеіст Петэр Форсберг.

«Мяркуючы па той сітуацыі, якая складваецца, ехаць у Беларусь і гуляць там Чэмпіянат свету, будзе недарэчна», — адзначыў Петэр.

Журналіст адной з найпапулярнейшых газет Германіі Frankfurter Allgemeine Zeitung Крыстаф Бекер лічыць, што праводзіць цяпер чэмпіянат у Беларусі немагчыма. У сваёй калонцы ён таксама прыводзіць словы трохразовай прызёркі алімпіяд і кіраўніцы Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандры Герасімені. 

«Што яшчэ павінна адбыцца, каб свет усвядоміў, што гэты чэмпіянат не будзе святам або падставай для гонару?» — пытаецца Аляксандра Герасіменя. У яе фондзе сабраліся выбітныя спартсмены, задача якіх — звярнуць увагу на жорсткасць і несправядлівасць, якім беларускі народ падвяргаецца штодня з дзявятага жніўня.

«Са жніўня загінулі дзевяць чалавек, — піша Аляксандра Герасіменя, — больш за 400 падвергліся катаванням, больш за 27 тысяч арыштаваныя. «Мінск-Арэну» можна было двойчы запоўніць зняволенымі», — адзначае Аляксандра.

У сераду Міжнародная федэрацыя хакея адмяніла 18 турніраў, але гэта не кранула чэмпіянат у Мінску. Федэрацыя пад кіраўніцтвам Рэнэ Фазеля працягвае цягнуць час. Гэта час яна дае Лукашэнку і яго стаўленікам — час для новых арыштаў. Фонд Аляксандры Герасімені некалькі разоў папярэджваў ІІХФ і МАК пра пераслед спартоўцаў. Толькі ў пачатку гэтага тыдня чыноўнікі са Швейцарыі атрымалі лісты аб ролі Баскава ў нядаўніх падзеях і трывожных падазрэннях у дачыненні да яго. Але МАК працягвае расследаванне і пакуль не робіць ніякіх высноў. А Фазель і Рада ІІХФ аддаюць перавагу таму, каб нічога не вырашаць. Яны трымаюць дзверы для турніру ў Мінску адчыненымі.

Фазель адзначае, што сітуацыя з чэмпіянатам патрабуе вельмі ўважлівага аналізу, а рашэнні павінны быць прыняты з улікам пандэміі каранавіруса і бягучай сітуацыі з бяспекай. Пры гэтым Прэзідэнт ІІХФ заяўляе, што на дадзены момант правесці турнір у Мінску было б немагчыма.

ІІХФ, Фазель, такія гульні з дыктатурай забяспечваюць карысць толькі чыноўнікам. Так было ў Берліне ў 1936-м годзе і ў Аргенціне ў 1978-м. Цяпер гісторыя можа паўтарыцца ў Мінску ў 2021-м», — падсумоўвае Бекер.

Фінскі калумніст Вагі Парвіайнен тлумачыць у артыкуле для Iltalehti, чаму Міжнародная федэрацыя хакея не спяшаецца адмяняць чэмпіянат.

«У сераду ІІХФ апублікавала заяву з падрабязным апісаннем праблем, звязаных з арганізацыяй чэмпіянату свету ў Мінску, але за абцякальнымі фармулёўкамі Федэрацыі ўдалося прамаўчаць пра тое, як дрэнна ідуць у Беларусі справы з правамі чалавека. ІІХФ захавала маўчанне пра ўрад Лукашэнкі, які насміхаецца над законам і дэмакратыяй. Прычына такіх бесхрыбетных паводзін толькі адна — грошы.

Я маю на ўвазе не карупцыю, таму што сведчанняў наяўнасці яе ў ІІХФ у мяне няма, а страхавыя патрабаванні, страхоўку. Калі Федэрацыя адменіць ЧС самастойна, то страхоўкі не будзе. Гэтая сітуацыя знаёмая нам з вясны, калі ІІХФ адкладала прыняцце рашэння па чэмпіянаце свету ў Швейцарыі. Адмена турніру ў аднабаковым парадку азначала б страту вялікіх грошай, таму трэба было чакаць рашэння швейцарскіх уладаў.

З рашэннем ад беларускіх уладаў усё будзе яшчэ складаней. Лукашэнка не прызнае ні крытыкі, ні сур'ёзнасці сітуацыі з каранавірусам ў яго краіне. Таму ІІХФ павінна вырашыць сама, адмяняць ці не чэмпіянат свету. Узнікае пытанне, чаму Федэрацыя кажа толькі аб адмене ЧС, а не аб яго пераносе з Мінска ў якую-небудзь дэмакратычную і бяспечную краіну. Перанос меў бы больш пераваг незалежна ад таго, адбудзецца турнір ці не. ІІХФ выратавала б сваю рэпутацыю, калі б апраўдала сваё рашэнне заходнімі каштоўнасцямі», — адзначыў Парвіайнен.

Журналіст дацкага выдання DR Ларс Ёргенсэн прысвяціў вялікі матэрыял сітуацыі з правамі чалавека і руху свабодных спартоўцаў у Беларусі. Падрабязна ён спыніўся і на магчымасці пераносу чэмпіянату свету па хакеі з Мінска. Калумніст устрымаўся ад уласных высноў, але звязаўся з кіраўніком дацкай федэрацыі хакея Хенрыкам Бахам Нільсэнам.

«Для мяне найвышэйшую каштоўнасць мае бяспека гульцоў і заўзятараў. Мы бачым, што са жніўня сітуацыя ў Беларусі не палепшылася. І калі падазрэнні адносна кіраўніка Беларускай федэрацыі пацвердзяцца, то гэта будзе несумяшчальна з магчымасцю правядзення чэмпіянату свету ў Мінску. Гэта будзе як падліванне алею ў агонь. Але пакуль я чуў аб гэтай інфармацыі толькі з СМІ. На Радзе ІІХФ мы гэта не абмяркоўвалі», — лічыць Бах Нільсэн.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?