Шура Піліповіч-Сушчыц

Шура Піліповіч-Сушчыц

Суддзя Першамайскага суда Мінска Анастасія Ляйкоўская прысудзіла да 7 сутак фатографку «Нашай Нівы» Шуру Піліповіч-Сушчыц. Суд праходзіў завочна, журналістку нават не паклікалі на пасяджэнне.

20-гадовую Шуру Піліповіч-Сушчыц затрымалі апоўдні 15 лістапада на Пушкінскай. На відэа відаць, як сілавік вядзе яе міма заезду ў «Макдональдс». У яе руках сумка, фотаапарат, на поясе вялізны бэйдж журналіста.

Тым не менш фатографку адвезлі ў Першамайскае РУУС, дзе склалі пратакол за ўдзел у «несанкцыянаванай акцыі». Да позняй ночы яна прасядзела ў міліцыі, і ў 5:30 яе адпусцілі, забраўшы тэхніку. На рукі аддалі павестку на 19 лістапада ў Першамайскі суд.

Але калі 18 лістапада адвакат пазваніў у суд, аказалася, што Шуру ўжо паспелі асудзіць!

Згодна з рапартам міліцыянера А.П. Сяляўкі, фатографка ішла разам з удзельнікамі вулічнага шэсця, якія трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сцягі і выкрыквалі лозунгі «Жыве Беларусь». Што канкрэтна рабіла фатографка? Ні Сяляўка, ні сведка А.І. Касцючкоў так і не патлумачылі — проста «рушыла». Тым не менш суддзя Анастасія Ляйкоўская прызнала Піліповіч-Сушчыц вінаватай і прысудзіла 7 сутак.

Паколькі суткі вынесеныя завочна, яе не арыштавалі. Шура Піліповіч-Сушчыц абскарджвае незаконны прысуд — яна не была належным чынам апавешчаная аб даце суда.

Пра Шуру Піліповіч-Сушчыц чытачы «Нашай Нівы» маглі ўпершыню даведацца ў 2018 годзе. Тады мы пісалі пра яе як выпускніцу Ліцэя БДУ, якая атрымала 100 балаў на цэнтралізаваным тэставанні па беларускай мове.

З цягам часу Шура пачала супрацоўнічаць з «Нашай Нівай». Дзякуючы ёй — і яе выдатнаму валоданню беларускай мовай — на старонках сайта стала нашмат менш памылак. А сёлета Шура стала фатографкай «Нашай Нівы». Вы маглі бачыць яе здымкі з многіх акцый пратэсту.

Чытайце. 18-гадовая Аляксандра набрала 100 балаў на ЦТ па беларускай мове і дзеліцца гісторыяй свайго поспеху

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?