Кальварыйская вежа стала сімвалам культурна-дзелавога квартала «К21» на месцы былой вытворчасці «Мінскдрэў». Забудоўшчык узяўся вярнуць да жыцця ўзор індустрыяльнай пасляваеннай архітэктуры, але асучасніць яго моднай урбаністычнай канцэпцыяй. Струхлелыя цэхі адвялі пад офісы, крамы і рэстараны, а дваровую прастору ператвараюць у месца для адпачынку, вулічнай ежы, канцэртаў і выстаў. Рэстаўрацыя ідзе больш за паўгода і яшчэ не завершана цалкам.

Раней ў вежы размяшчалася ліфтавая шахта, па якой вазілі драўніну і гатовую мэблю. Цяпер тут знаходзіцца лесвіца, а частку прасторы заняла танцавальная школа. Вышыня Кальварыйскай вежы дасягае 18 метраў, а яе верхавіну ўпрыгожвае вялікі гадзіннік з цыферблатам дыяметрам у паўтара метра. На вежу ўзнялі флюгер — пеўня ручной работы.

Пры рэстаўрацыі выкарыстаныя цэгла і метал, якія засталіся ад карпусоў былога мэблевага завода. Вежа атрымала новы дах з керамічнай чарапіцы і пад іншым вуглом нахілу. З'явіліся пілоны, а ўсю канструкцыю злёгку прыпаднялі.

Гадзіннік стварылі ў беларускай майстэрні, вырабіўшы ўсе механічныя часткі: цыферблат, стрэлкі і паваротны механізм. А вось высокадакладная электроніка прыехала з Італіі. Для надзейнасці гадзіны сінхранізуюць час праз інтэрнэт, а працаваць могуць нават у суровы холад - да 40 градусаў марозу.

Неўзабаве ў квартале «К-21» з'явіцца яшчэ адна вежа — ва ўнутраным дворыку. Цяпер над ёй працуюць будаўнікі. Яна будзе вышэй — выцягнецца на 22 метры, а замест цэглы выкарыстоўваюць бетон. Унутры размесціцца кафэ або невялікі магазін, а звонку ўсталююць вежавы гадзіннік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?