Зранку румзае дожджык цыбаты
Сіратой пры паўночных вятрах.
Тхне парфумай капусты хата —
Звыклы позняй восені пах.

Патыхае кмен водарам лугу,
Морквы свецяць, як сонца, скрылькі.
Па стале разляцеліся кругам
Трапяткіх журавін матылькі.

Хай капустка задасца хрусткай,
Як забрузне пад гнётам квас!
Галаву завязаўшы хусткай,
Нам вядзьмарыць не ў першы раз.

А зімою настойліва гэтак,
Аж закруціцца галава,
Зноў зацягне думкамі ў лета
Шаткаванай капусты дрыгва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?