Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі з Віцебска, якія амаль два месяцы жывуць на тэрыторыі пасольства Швецыі ў Мінску, аказаліся абвінавачанымі па крымінальнай справе. Яны праходзяць па арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Прычым абвінавачанымі яны сталі яшчэ 15 верасня, а іх адвакату гэта ўдалося даведацца 2 лістапада з дапамогай мясцовага юрыста, піша Tut.by.

Фота: Вольга Шукайла, Tut.by.

Фота: Вольга Шукайла, Tut.by.

Юрыст са Швейцарыі Вадзім Драздоў, які дапамагае віцяблянам, паведаміў, што, як аказалася, 9 верасня, на трэці дзень пасля нядзельнай акцыі пратэсту, Віцебскі гарадскі аддзел СК распачаў крымінальную справу па арт. 364 КК. 15 верасня падазраванымі па ёй сталі Уладзіслаў і Віталь Кузнечыкі, і ў гэты ж дзень вынеслі пастанову аб прыцягненні іх у якасці абвінавачаных.

Пры гэтым яшчэ 11 верасня Кузнечыкі прыбылі да амбасады Швецыі ў Мінску, каб папрасіць палітычнага прытулку. Калі дзверы ім не адчынілі, спаслаўшыся на тое, што ў амбасадзе не даюць палітычнага прытулку, бацька і сын пераскочылі цераз плот. З таго моманту мужчыны знаходзяцца на тэрыторыі дыппрадстаўніцтва ў чаканні вырашэння іх сітуацыі.

Цікава, што 15 верасня, калі ўжо, па сутнасці, Кузнечыкі сталі абвінавачанымі па крымінальнай справе, паведамлялася, што ў дачыненні да Віталя і Уладзіслава Кузнечыкаў ідзе праверка па факце нападзення на супрацоўнікаў міліцыі. Раней Віталь і Уладзіслаў распавядалі, што 6 верасня ў Віцебску ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту, удзельнікаў якой жорстка затрымлівалі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Кузнечыкам удалося пазбегнуць затрымання, але з тых часоў яны хаваліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?