Яшчэ шэсць акцёраў звольнілі 30 кастрычніка з трупы Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра. Сярод іх Васіль Мініч, які задзейнічаны ў большасці спектакляў. Як тэатр будзе працаваць пасля звальнення артыстаў, невядома, піша hrodna.life.

Сярод звольненых 30 кастрычніка — Анастасія Мучко, Аляксандр Дзям’янаў, Натэла Бялугіна, Марыя Мялешка, Марыя Бутрымовіч і Васіль Мініч. Апошні задзейнічаны ў большасці пастановак.

Як тэатр будзе працаваць без акцёраў, даведацца не атрымалася: у прыёмнай дырэктара Ігара Гедзіча не знялі слухаўку.

Яшчэ два супрацоўнікі тэатра далучыліся да страйку — артыстка аркестра Паліна Левіна і акцёр Аляксей Станога.

29 кастрычніка стала вядома пра звальненне Валянціны Харытонавай і Наталлі Лявонавай. 28 кастрычніка звольнілі двух рэжысёраў тэатра — Генадзя Мушперта і Сяргея Курыленку. Напярэдадні 11 артыстаў тэатра запісалі відэазварот і далучыліся да страйку. 20 верасня звольнілі Ігара Уланава, вядучага майстра сцэны, пасля адмовы падпісаць тлумачальную запіску з нагоды спыненага 20 верасня спектакля.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0