François Bouchon / Le Figaro

З 29 кастрычніка ў Францыі ўведзены ўсеагульны рэжым ізаляцыі, які будзе доўжыцца прынамсі да 1 снежня. Пра гэта заявіў прэзідэнт краіны Эманюэль Макрон, піша meduza.io.

Жыхары Францыі змогуць выходзіць з дому на працу, у крамы, на прагулкі і для атрымання медыцынскай дапамогі. Масавыя мерапрыемствы будуць адмененыя. Зачыняцца месцы скаплення вялікай колькасці людзей, у прыватнасці бары і рэстараны. На ўсіх прадпрыемствах, дзе гэта магчыма, увядуць аддалены фармат працы. Універсітэты пяройдуць на дыстанцыйнае навучанне. Пры гэтым дзіцячыя сады і школы працягнуць працу.

«Наша мэта — знізіць колькасць заражэнняў з 40 тысяч да пяці тысяч у дзень», — заявіў Макрон.

За апошнія суткі ў Францыі зарэгістравана 36 437 новых выпадкаў захворвання на COVID-19, 244 чалавекі памерлі. З пачатку пандэміі ў краіне заразіліся 1 235 132 чалавекі, з іх памерлі 35 785 чалавек.

Усеагульны каранцін ужо дзейнічаў у Францыі вясной. Тады абмежаванні былі больш жорсткія, напрыклад не працавалі ўсе адукацыйныя ўстановы.