Да агульнанацыянальнага страйку 27 кастрычніка далучыўся работнік аб’яднаньня «Нафтан» Аляксандар Кухаронак, старшы апэратар устаноўкі, які мае стаж працы на прадпрыемстве 14 гадоў, піша Радыё Свабода.

Пра далучэньне да страйку ён паведаміў у відэазвароце.

«Скажуць, што страйк незаконны? Дык вось людзей сёньня б’юць не па законе, а па ўсіх частках цела, не зважаючы, гэта дзяўчына, мужчына ці пэнсіянэр. Страляюць у пратэстоўцаў таксама не па законе», — кажа Аляксандар Кухаронак.

Ён заяўляе, што будзе страйкаваць да выкананьня ўсіх патрабаваньняў народнага ўльтыматуму. Аляксандар Кухаронак згадвае, што мінула больш за 2 месяцы, як 3 тысячы супрацоўнікаў «Нафтану» паставілі подпісы пад патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі ды іншымі, але нічога не зьмянілася.

«Жыве ці не жыве?» — такімі словамі заканчвае зварот да калегаў Аляксандар Кухаронак.

Паводле крыніцы на «Нафтане», па стане на 28 кастрычніка Аляксандар Кухаронак адзіны, хто страйкуе. Сытуацыю са страйкам на «Нафтане» крыніца назвала складанай.

«Пакуль страйкуюць адзінкі, гэта дзеяньне, за якое могуць пакараць паводле Крымінальнага кодэксу, бо ў нас небясьпечная вытворчасьць. Але пратэставыя настроі ў людзей нікуды ня зьніклі, людзі сустракаюцца, абмяркоўваюць, што рабіць далей, як выказваць сваю пазыцыю», — паведаміла крыніца.

Паводле крыніцы, каля прахадных прадпрыемства рэгулярна бачаць нарады міліцыі, актыўных работнікаў выклікаюць на размовы да кіраўніцтва, на іх ціснуць, каб не падтрымлівалі агульны страйк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0