Пратэст студэнтаў МДЛУ каля ўваходу ва ўніверсітэт, 26 кастрычніка. Фота Радыё Свабода

Пратэст студэнтаў МДЛУ каля ўваходу ва ўніверсітэт, 26 кастрычніка. Фота Радыё Свабода

Пра далучэнне выкладчыкаў і супрацоўнікаў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта да страйку студэнтаў стала вядома 27 кастрычніка. Паводле інфармацыі Радыё Свабода, пераважная большасць супрацоўнікаў МДЛУ пакуль займае нейтральную пазіцыю.

Падрабязнасці пра дасланы ў рэктарат зварот выкладчыкаў і супрацоўнікаў МДЛУ расказала дацэнтка кафедры італьянскай мовы Наталля Дуліна.

«У страйку ўдзельнічаюць некалькі дзясяткаў выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта, — гаворыць яна. — Паводле непацверджаных чутак, зараз адміністрацыя збіраецца мяне звольніць. У некаторых выкладчыкаў ужо ёсць папярэджанні, якія яны атрымалі яшчэ да пачатку страйку за пратэставыя дзеянні і парушэнне правілаў унутранага распарадку і загаду рэктара аб недапушчэнні няўзгодненых мерапрыемстваў у сценах універсітэту. У мяне ёсць вымова, папярэджанні ў некаторых выкладчыкаў таксама».

Па словах Наталлі Дулінай, адміністрацыя «стараецца зрабіць выгляд, што нічога не адбываецца і заняткі праводзяцца ў штатным рэжыме», у афіцыйным тэлеграм-канале МДЛУ адміністрацыя размяшчае інфармацыю пра тое, што страйкоўцы парушаюць парадак забастоўкай. Аднак выкладчыкі-страйкоўцы «адмяняюць свае заняткі, наколькі гэта магчыма».

«Мы паведамляем студэнтам, што заняткаў не будзе і просім, каб яны адказвалі, калі будуць пытацца ў дэканаце, што выкладчык бастуе, — кажа выкладчыца. — У некаторых нашых выкладчыкаў спецыфічная праца. Яны працуюць з замежнікамі. У сілу нават маральных пытанняў ім нельга адмяніць заняткі. Ёсьць людзі, якія працуюць з дарослымі слухачамі курсаў. Гэта вячэрнія заняткі. І выкладчыкі таксама маюць супярэчлівыя пачуцці. Я іх разумею. Усе яны з намі ходзяць на акцыі, усе выйшлі 26 кастрычніка на марш».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0