У панядзелак мінскі таксіст Вадзім Запольскі ехаў з працы. Але дадому так і не дабраўся. АМАП перакрыў бусікам праспект Незалежнасці каля станцыі метро «Усход» і стаў спыняць кіроўцаў.

Фота прадстаўлена сям'ёй.

Фота прадстаўлена сям'ёй.

«Я дамовілася з ім сустрэцца каля дома, каб перадаць гадавалае дзіця і паехаць у паліклініку да доктара. Па дарозе атрымала смс ад мужа, што яго затрымалі. А пасля ўбачыла паведамленне ў тэлеграме, што машыну «Яндэкс» таксама забралі», — расказвае жонка Аліна.

Пасля стала вядома, што на тым месцы з машын забралі не толькі Вадзіма, але і яшчэ двух кіроўцаў.

У панядзелак Аліна больш ніякіх навін пра мужа не чула. Дадому Вадзім вярнуўся толькі пасля абеду ў аўторак — ноч ён правёў у ІЧУ на Акрэсціна. Што было ў гэты прамежак часу, жонка пераказвае з яго слоў:

«Муж ехаў з хуткасцю 40 км/г, яго спынілі. Спачатку далі пратакол аб павольным руху, выпісалі штраф 0,5 базавых. Пасля прыйшоў другі аперупаўнаважаны, якому паступіў рапарт ад супрацоўніка ДАІ, што машына з «падазроным» VIN-кодам.

Даставілі ў Першамайскае РУУС. Трымалі ў спартыўнай зале з усімі затрыманымі, пасля апісалі тэлефон. Адправілі на Акрэсціна, шэсць чалавек у камеру на пяць месцаў».

З пратаколамі Вадзім азнаёміўся толькі ў судзе. Яго вінавацілі па двух артыкулах — 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаванне міліцыі). Па першым далі штраф 20 базавых (540 рублёў), другі адправілі на дапрацоўку.

Машыну апячаталі на 8 месяцаў. Са слоў сям’і, аўто, купленае летась у салоне, перадалі ў крымінальны вышук, каб нібыта праверыць VIN-код.

«Гэта адзіная крыніца даходу для нашай сям’і з гадавалым дзіцем, — бянтэжыцца Аліна. — Я прасіла ў РУУС вярнуць аўто, яно патрэбна для перасоўвання з дзіцем па горадзе, малому неабходна дыягностыка, але там адказалі, што дапамагчы нічым не могуць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?