Аднавіўся суд па справе Змітра Дашкевіча. Яго вінавацяць у тым, што ў нядзелю ён узяў удзел у несанкцыянаваным пікеце ў раёне Раманаўскай Слабады. Першае пасяджэнне прайшло ў панядзелак, учора высветлілася, што Дашкевіч утрымліваўся ў карцары ізалятара на Акрэсціна.

— Прашу спыніць катаванні, — заявіў Зміцер Дашкевіч. — Не павінны людзі ляжаць на бетоннай падлозе ў карцары, не выдаюць ні бялізну, ні коўдру.

Справу разглядае суддзя Таццяна Моталь, вядомая па шматлікіх працэсах у адносінах актывістаў. Яна заявіла, што пакідае хадайніцтва аб спыненні катаванняў без разгляду, паколькі ўмовы ўтрымання не з’яўляюцца прадметам разгляду адміністратыўнай справы.

Што да прызнання віны, то Дашкевіч заявіў, што вінаватым сябе не лічыць, бо права на свабоду мірных сходаў гарантавана Канстытуцыяй.

— У нядзелю, калі ўсе людзі, якія шукаюць праўду, мы пайшлі таксама. Спыніліся на Раманаўскай Слабадзе, я ўзняў плакат «Адпусці народ мой», што з’яўляецца цытатай з Бібліі, і раздаваў буклеты пра Курапаты — на праспекце Пераможцаў, праспекце Машэрава, пасля я вярнуўся на Раманаўскую Слабаду. Свае дзеянні лічу законнымі. Калі пачытаць Канстытуцыю, там напісана, што грамадзяне надзяляюцца правам на свабоду выказванняў, свабоду мірных сходаў, у нядзелю я ажыццяўляў сваё права. Калі людзі гукалі «Жыве Беларусь», я ім адказваў «Жыве!».

Зміцер распавёў, як яго затрымлівалі. Гэта адбылося каля 17.30, калі Дашкевіч з сям’ёй быў у Макдональдсе на Нямізе, ніякага масавага мерапрыемства ў той час ужо не адбывалася, а людзі вярталіся з шэсця дадому. Па словах Дашкевіча, яго затрымлівалі тры чалавекі ў балаклавах без апазнавальных знакаў, таксама быў затрыманы каталіцкі актывіст Арцём Ткачук.

— Мы паспелі толькі супакоіць іх крыкам: «Спакойна! Мы ідзем!». Бо за вуглом былі дзеці, — патлумачыў Дашкевіч. — Мы селі ў машыну, людзі ў балаклавах пазванілі палкоўніку, сказалі «задача выканана», і нас прывезлі ў Маскоўскі РАУС.

Там адзіны дакумент, які мне далі на азнаямленне, — пратакол асабістага надгляду. Прапанавалі падпісаць пратакол аб канфіскацыі майго тэлефона. Я ўдакладніў, няўжо можна без суда канфіскоўваць маёмасць, мне адказалі «можна».

Адвакат паспрабавала высветліць, у якіх умовах Зміцер утрымліваўся ў ізалятары на Акрэсціна пасля затрымання. Аднак суддзя Таццяна Моталь адхіліла пытанне, спаслаўшыся, што гэта не мае значэнне па адміністратыўнай справе.

Учора Зміцер распавёў пра ўмовы на Акрэсціна.

Адвакат удакладніла сёння пра стан здароўя Дашкевіча, і ён ізноў нагадаў пра ўмовы ўтрымання:

— Людзі ў ІЧУ падвяргаюцца катаванням, статус камер вызначыць немагчыма, на зоне ёсць нары, якія апускаюць на ноч, і там даюць ваду, у турмах таксама, а ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна няма вады, няма матраца, ёсць бетонная падлога. Каб зразумець, як там утрымліваюцца людзі, трэба зайсці ў памяшканне, пакакаць і не змываючы спаць там 15 сутак, 30 сутак. Вось якія ўмовы ў камерах на першым паверсе.

— Дзякуй, Дашкевіч, вы пра гэта ўжо казалі, — перапыніла суддзя Моталь.

Сведкам па справе Змітра з’яўляецца супрацоўнік міліцыі пад змененымі звесткамі — Кот Юрый Пятровіч.

Аднак пазней стала вядома, што «Кот» у суд з'явіцца не можа, паведаміла Мотыль, - ён зараз на аператыўным заданні.

Адвакат Дашкевіча звярнула ўвагу суда на тое, што Зміцер утрымліваецца ва ўмовах, якія могуць быць расцэненыя як катаванні, якія недапушчальныя, паводле абавязальніцтваў Беларусі, нават у час вайны. У затрыманага элементарна няма вады, а па новых правілах, перадачу яму можна перадаць толькі ў чацвер, то бок праз пяць дзён пасля ўтрымання ў ізаляцыі.

Сам Зміцер Дашкевіч заявіў суддзі, што пры вырашэнні, якое яму прызначыць пакаранне, яна павінна найперш думаць пра сябе і сваіх калег, што будзе з імі далей:

«Мне няма ніякай розніцы, што вы мне сёння выпішыце. Я доўга сядзеў і ў розныя часы, найцямнейшыя. Тым больш я адсяджу і зараз, калі ўжо бачныя промні сонца на гарызонце. 15 сутак вы мне дадіце ці 15 разоў па 15 сутак. Для мяне гэта нічога не азначае. І Вы судзіце так, быццам Гасподзь нічога не бачыць. Ужо тое, што Вы разглядаеце палітычны працэс, насцярожвае, у той час калі некаторыя суддзі адмаўляюцца ў гэтым удзельнічаць. Таму, выносячы прысуд, вы думайце не пра мяне, а пра сябе. Я ведаю, што я адсяджу і сустрэну тое, за што я змагаюся. Вельмі шкада, што суд кажа: «Гэта не мае дачынення да справы», — калі людзі я распавядаю пра ўмовы ўтрымання ў турме, тое, што людзі не могуць спаць на бетоннай падлозе ў брыдкіх камерах…

Я адсяжу і выйду, а вось што будзе з вамі і вашымі калегамі, вы пра гэта падумайце. На гэтым у мяне усё».

Таццяна Моталь паведаміла, што пастанова суда будзе агалошана пасля 14 гадзін.

***

У выніку прысуд — 15 сутак

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0