Раней паведамлялася, што прадпрымальнік Зміцер Дашкевіч заявіў пра катаванні на Акрэсціна гэтай ноччу. Жонка Змітра Дашкевіча Настасся запісала словы, якія ён сказаў суддзі, і апублікавала іх у сябе ў фэйсбуку.

Суддзя падчас працэсу запытала ў Змітра, ці будзе адвод ёй як суддзі.

«Не бачу сэнсу», — сказаў ён.

«Як гэта расцэньваць? — удакладніла яна. — Вы не давяраеце судовай сістэме?»

«Cудовай сістэме? — адказаў Зміцер. — У нас ёсць суды? Законы? Я раскажу вам. Мяне, яшчэ не асуджанага і не прызнанага ні ў чым вінаватым, змясцілі ў карцар. Нават на ноч не адшпільвалі нары. На падлозе бетонная падлога. Мяне катуюць, разумееце? Мне не давалі ноч спаць. Нам не давалі вады. У нас вады ў камеры няма ніякай. НІЯКАЙ. Людзі сруць, прабачце і змыць не могуць. НЕ МОГУЦЬ ЗМЫЦЬ ЗА САБОЮ. Гэта па законе? Гэта пра закон? У суседнім карцары чалавек у такіх умовах правёў 25 сутак, іншы — 15 сутак. Я не бачыў такога нідзе. І мне начальнік ІЧУ заяўляе, што гэта законна. Дык што мне Вам сказаць пра закон? Вы як чалавек закона, які дае людзям суткі, што вы можаце пра гэта сказаць?»

Суддзя абвесціла перапынак у паседжанні да 9:30 27 кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0