Афіцыйная прычына адмены мегамітынгу ў Мінску — каранавірус. Але верыцца ў такое тлумачэнне з цяжкасцю. (Хоць перавозка людзей, пераважна немаладых, бо такі ў Лукашэнкі застаўся электарат, у аўтобусах і цягніках у час эпідэміі, сапраўды, прывяла б да страшных вынікаў).

Сапраўдная прычына адмены, здаецца, у іншым — негатыўным стаўленні людзей, масавых адмовах. Інфармацыю пра такія адмовы мы атрымлівалі дзясяткамі з самых розных прадпрыемстваў і ўстаноў.

Улады маглі апынуцца другі раз у атмасферы 16 жніўня, калі дэманстрантаў за Лукашэнку было ў разы менш, чым супраць яго. Толькі гэтым разам дэманстранты супраць змяшаліся б з дэманстрантамі за — грымучая сумесь.

Адмена пралукашэнкаўскага мітынгу 25 кастрычніка — чарговая тактычная перамога пратэстаў. Ні 15 тысяч затрыманняў, ні 400 крымінальных спраў, ні вайна з нацыянальнай сімволікай не змусілі палюбіць нялюбага.

Без вызвалення палітвязняў не можа быць дыялогу, а без рэальных змен у сістэме і аднаўлення базавых нормаў законнасці не будзе змены настрояў у грамадстве. Гісторыя з «мегамітынгам» тое чарговы раз паказала.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?