Радыё Свабода

Радыё Свабода

Паэт Дзмітрый Строцаў асуджаны судом Цэнтральнага раёна Мінска на 13 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве». Судзіла паэта суддзя Вікторыя Шабуня, піша Радыё Свабода.

«Судзілі па 23.34, — расказала яго жонка Ганна Строцава, якая была на судзе. — Нібыта ёсць відэа з нейкай камеры, на якім 4 кастрычніка побач з Дзмітрыем ідзе калона людзей са сцягамі. А ён паказвае «вікторыю». Гэта цяпер дастаткова, каб пасадзіць чалавека на 13 сутак».

Дзмітрый, па словах Ганны, на судзе распавёў, што затрымалі яго каля іх дома. «Затэлефанаваць сваякам не далі, — кажа Ганна. — Але недзе каля 19-й гадзіны яму сказалі, што мне паведамілі. Хоць гэта няпраўда, мы а 23-й вечара ўчора падавалі заяву пра знікненне чалавека».

Па словах Ганны, муж выглядае нармальна, наколькі гэта было відаць праз экран у скайпе. Ні на што не скардзіўся. Цяпер яна спрабуе паспець перадаць неабходныя яму лекі.

«У яго не вельмі добрая кардыялагічная сітуацыя, — кажа яна. — Ён увесь час прымае падтрымліваючыя лекі. І ён алергік, у яго бранхіяльна-лёгачнага плану алергія, лекі яму неабходныя».

Дзмітрый Строцаў удзельнічаў у акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і адкрыта пісаў пра гэта. Пра сітуацыю ў краіне ён казаў і ў сваёй творчасці — некаторыя ягоныя вершы ўжо перакладзеныя на іншыя мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0