Перадвыбарчая сустрэча з Ціханоўскай, Калеснікавай і Цапкала ў Барысаве. У кожным горадзе на такія сустрэчы прыходзілі тысячы людзей. Фота Надзеі Бужан
Сёння падчас акцыі ў падтрымку Беларусі ў Осла, арганізаванай беларускай суполкай у Нарвегіі «Разам», дэпутат стортынгу ад хрысціянскіх дэмакратаў Гейр Тоскедал выступіў з заявай, што вылучыў Святлану Цiханоўскую, Марыю Калеснiкаву і Вераніку Цапкала на атрыманне Нобелеўскай прэміі міру 2021 года.
«Яны заслугоўваюць высокай ацэнкі «за барацьбу за сумленныя выбары і натхненне для мірнай апазіцыі супраць незаконнага рэжыму ў Беларусі», гаворыцца ў абгрунтаванні намінацыі.
— Гэтыя тры жанчыны адыгралі асаблівую ролю ў барацьбе з таталітарным рэжымам у Беларусі. За гэта яны заслугоўваюць Нобелеўскую прэмію міру, — сказаў Гейр Тоскедал, паведамляе суполка беларусаў Нарвегіі.
Раней пра свой намер вылучыць на Нобеля Святлану і Сяргея Ціханоўскіх заявіў кіраўнік Еўрапейскай народнай партыі Дональд Туск.
Права намінаваць на Нобелеўскую прэмію міру маюць парламентарыі, міністры і некаторыя міжнародныя арганізацыі. Выбірае лаўрэата камітэт дэпутатаў парламента, складзены з прадстаўнікоў пяці розных партый.