Выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтва Дзьмітры Матуйза расказаў, што яму не працягнулі кантракт з прычыны яго грамадзянскай пазыцыі. Пра гэта ён паведаміў у запісаным відэазвароце, піша «Радыё Свабода».

З ВНУ выкладчык сыходзіць ня хоча і просіць сваіх студэнтаў падпісаць пэтыцыю ў яго падтрымку.

Журналіст «Настоящего времени» Цімур Алеўскі пагутарыў з Дзьмітрыем Матуйза пра тое, як адбывалася ягонае звальненьне, пра пратэсную дзейнасьць і настроі студэнтаў.

— Ці паводле закону з вамі не працягваюць кантракт? Чаму яго не працягваюць з пункту гледжаньня здаровага сэнсу?

— Я ня думаю, што да здаровага сэнсу тут можна апэляваць і ці наогул варта. З пункту гледжаньня мінімальнага працоўнага заканадаўства наша цудоўная кантрактная сыстэма кажа, што наймальнік можа не падоўжыць кантракт без тлумачэньня прычын.

— То-бок, гэта той самы выпадак, калі ў наймальніка ёсьць рычагі ўзьдзеяньня на падначаленых выкладчыкаў?

— Безумоўна.

— У вас ёсьць нейкія спагнаньні?

— Не.

— Якія настроі цяпер у асяродзьдзі выкладчыкаў і студэнтаў? Яны трымаюцца тых жа пунктаў гледжаньня, што і вы, ці многія думаюць наадварот?

— Я не магу гаварыць за ўсё асяродзьдзе, я магу казаць толькі за частку свайго ўнівэрсытэту — тое, што магу бачыць на свае вочы і чуць на свае вушы. Але мне здаецца, што большасьць людзей, у тым ліку і выкладчыкі, сапраўды думаюць гэтаксама, як і я. Проста паміж меркаваньнем і пазыцыяй, як аказваецца, прорва. Думаць — адно, а выказацца — зусім іншае.

— А хто, дарэчы, больш імкнецца не выказваць пазыцыю: выкладчыкі — ім ёсьць што губляць — ці студэнты?

— Вядома, выкладчыкі. Моладзь, яна заўсёды больш актыўная. Выкладчыкі — дарослыя людзі, увогуле, як звычайна.

— Вы бачылі сёньня зварот Святланы Ціханоўскай да выкладчыкаў? Што вы думаеце, адгукнецца ён ў іх сэрцах? Дарэчы, ці мае яна рацыю?

— Калі шчыра, я ня бачыў гэтага звароту. Я даведаўся пра гэты зварот ужо пасьля таго, як запісаў свае звароты. Мой зварот ніяк не матываваны, ня зьвязаны з тым, што зрабіла Ціханоўская.

— Яна кажа выкладчыкам, што трэба мужнасьць для таго, каб не пускаць унутр АМАП, і абяцае падтрымку, у тым ліку фінансавую. Ці можа гэта камусьці здацца дастатковымі аргумэнтамі для таго, каб [перайсьці] зь меркаваньня ў пазыцыю?

— Гэта такая сьлізкая сьцежка, якую вельмі лёгка можна выкарыстоўваць, каб дыскрэдытаваць, у тым ліку мяне. Сказаць: «То гэта ж чалавек, яму лёгка разважаць пра пазыцыю, калі ён ведае, што яму заплацяць, калі яго звольняць». Таму я б не хацеў рабіць на гэтым акцэнт. Я спачатку слухаю сваё сумленьне, а потым ужо думаю, што рабіць, калі я за яго пацярплю.

— Такіх, як вы, хто ня згодны з тым, што цяпер адбываецца ў краіне, даволі шмат, выкладчыкаў у тым ліку. Можа быць, у Беларусі можа зьявіцца нейкі незалежны, не прызнаны дзяржавай, без афіцыйных дыплёмаў унівэрсытэт? Да вас, як да людзей, якім давярае грамадзтва, прыйдуць студэнты вучыцца, і далей з гэтага вырасьце нейкая інстытуцыя. Ці вы ня верыце ў тое, што такое можа адбыцца?

— Пры існуючых умовах я мала веру ў тое, што гэта можа адбыцца. Быў пэрыяд, калі ў Беларусі дастаткова шмат было прыватных ВНУ, але ў выніку пэўных падзей яны зьніклі, некаторыя апынуліся за мяжой. Каб зрабіць тое, пра што вы сказалі, трэба спачатку вырашыць больш сур’ёзныя праблемы, пра якія, уласна, мы і гаворым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?