Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Веніямін (Тупека) падчас службы ў Свята-Пакроўскім саборы ў Гродне рэкамендаваў святарам не выконваць у цэрквах спеў «Магутны Божа».

Веніямін кажа, гэты спеў свецкага характару, і ён падзяляе грамадства. «У нас дастаткова шмат спеваў, якія не падзяляюць, а а аб'ядноўваюць грамадства», — зазначае ён.

Уладыка Веніямін. Фота patriarchia.ru.

«Наша Ніва» звярнулася да прэс-сакратара БПЦ айца Сяргея Лепіна, каб ён патлумачыў пазіцыю царквы па дадзеным пытанні.

«Я меў невялікую гутарку з мітрапалітам на гэтую тэму, — кажа Лепін. — Гэта была размова на канкрэтным прыходзе, патрыяршы экзарх не ставіў на мэце агучыць нейкую праграмную заяву на ўсю краіну. Гаворка не ішла пра катэгарычную забарону выконваць «Магутны Божа». Заўвагі ўладыкі тычыліся найперш выканання гэтага гімну ў богаслужэбным кантэксце.

Веніямін звярнуў увагу, што часам настаяцелі пры выбары рэпертуару дадатковых песнапенняў, не ўлічваюць меркаванняў усёй сваёй паствы.

Некаторыя прыхаджане бачаць у гімне «Магутны Божа» негатыўныя палітычныя канатацыі. Справа ў тым, што ён быў напісаны ў 1943 годзе Наталляй Арсенневай, жонкай Францішка Кушаля, кіраўніка Беларускай краёвай абароны.

Не жадаючы ўступаць у працяглыя спрэчкі адносна музыкі, тэксту, абставін іх узнікнення, кіраўнік БПЦ акцэнтаваў увагу на тым, што не варта выконваць «Магутны Божа» ў межах набажэстваў і на прыходах дзеля міру царкоўных суполак.

Тут той самы прынцып, калі апостал Павел адмовіўся ад спажывання мяса, каб не спакушаць свайго брата, хаця ён сам не бачыў у гэтым нічога дрэннага (1-е пасланне да Карынфянаў).

Епіскапы адказныя ў межах сваіх епархій за мір, а экзарх — у межах усёй БПЦ. Усе святары павінны памятаць пра словы Госпада: «Па тым пазнаеце, што вы ўсе мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго» (Евангелле ад Іаана)».

Верш «Магутны Божа» напісала ў 1943-м Наталля Арсеннева. Паклаў на музыку Мікола Равенскі. Апошнім часам «Магутны Божа» набыў папулярнасць на акцыях пратэсту.

Магутны Божа! Уладар сусветаў,
Bялікіх сонцаў і сэрц малых!
Над Беларусяй, ціхай і ветлай,
Рассып праменні свае хвалы.

Дай спор у працы штодзённай, шэрай,
На лусту хлеба, на родны край,
Павагу, сілу і веліч веры,
У нашу праўду, у прышласць — дай!

Дай урадлівасць жытнёвым нівам,
Учынкам нашым пашлі ўмалот!
Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай
Краіну нашу і наш народ!

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?