Указ прэзідэнта Украіны аб прыцягненні ў краіну беларускіх высокакваліфікаваных спецыялістаў афіцыйны Мінск лічыць недружалюбным і дыскрымінацыйным. Пра гэта паслу Украіны заявілі ў беларускім МЗС, паведамляе прэс-служба знешнепалітычнага ведамства.

Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

Як адзначае МЗС, гэты ўказ «нельга трактаваць па-іншаму, як відавочна недружалюбны і дыскрымінацыйны крок украінскага боку, які мяжуе з умяшаннем ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь». Акрамя таго, лічаць у ведамстве, дакумент «падрывае давер у двухбаковых адносінах» і парушае некаторыя складзеныя паміж краінамі пагадненні. У прыватнасці, Дагавор аб дружбе і добрасуседстве і пагадненне аб бязвізавых паездках грамадзян.

Затым пазіцыю беларускага МЗС пракаментаваў амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім. Ён адзначыў, што ўкраінскі ўказ быў прыняты ў сувязі са зваротамі беларускіх спецыялістаў.

«Відавочна, што калі такая просьба была выказана, значыць іх нешта не задавальняе ў сябе дома, у Беларусі. Яны захацелі з'ехаць у іншую краіну і відавочна, што з прычыны многіх абставінаў, Украіна для іх вельмі прывабны выбар (зразумелая мова, роднасныя сувязі, агульная адукацыя і г.д.). І Украіна гатовая такіх людзей прыняць. Так у чым жа тут «не дружалюбнасць». Як мне здаецца, гэта хутчэй акт дапамогі тым людзям, якім цяпер нялёгка ў Беларусі (хоць бы часова)», — адзначыў украінскі пасол.

Нагадаем, у пачатку кастрычніка стала вядома, што Уладзімір Зяленскі падпісаў указ № 420/2020 «Аб некаторых мерах па прыцягненні прадпрымальнікаў, высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь». Згодна з дакументам, прадпрымальнікам і спецыялістам у сферы інфармацыйных тэхналогій і інавацый прадоўжаны тэрмiн часовага знаходжання да 180 дзён у годзе. Таксама для іх уводзіцца пілотны праект спрошчанага афармлення дазволу на жыхарства з магчымасцю атрымання дакументаў у трохдзённы тэрмін без выезду з Украіны і іншыя прэферэнцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0