Прафесары з Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук ды Варшаўскага ўніверсітэта (сярод якіх Эльжбета Смулкова — знакамітая даследчыца-дыялектолаг дый яшчэ і былы пасол Польшчы ў Беларусі) пасля таго, як прачыталі скандальны артыкул Гусакова і Кавалені пра двухмоўе, накіравалі ім ліст. Яго цытуе philology.by.

«Як славісты, якія шмат гадоў займаюцца двухмоўем і Беларуссю, мы рашуча пратэстуем супраць публікацый ідэалагічнага зместу пад выглядам навуковых артыкулаў. Тэкст «Белорусско-русское двуязычие — исторически сложившаяся духовно-культурная ценность народа» У. Р. Гусакова і А. А. Кавалені не адпавядае ніводнаму з крытэрыяў навуковага тэксту, сярод якіх можна назваць: аб’ектыўнасць даследавання, указанне на навуковы метад, які выкарыстоўваецца ў даследаваннях, а таксама бібліяграфія ў галіне сучасных высокаразвітых глабальных даследаванняў білінгвізму.

Паколькі гэта не навуковы тэкст, ён не заслугоўвае навуковай палемікі. Менавіта таму наша рэакцыя — пратэст.

Артыкул спадароў прафесараў, які прадстаўляе нацыяналістычную апалогію рускай мовы, не мае нічога супольнага з навуковым поглядам на беларуска-рускае двухмоўе.

Ён змяшчае шматлікія гістарычныя скажэнні і маніпуляцыі, фальсіфікуе гісторыю беларуска-расійскіх адносін, замоўчваючы суровую антыбеларускую палітыку расійскага імперыялізму як мінімум з XVIII стагоддзя.

Прадстаўлены ў тэксце нацыяналістычны стэрэатып рускай мовы абражае фундаментальныя лінгвістычныя веды, а агульныя звесткі пра беларуска-рускае двухмоўе засланяюць асноўны фактар гэтага двухмоўя — палітычны прывілей рускай мовы за кошт беларускай.

Руская мова не мае патрэбы ні ў абароне, ні ў рэкламе. Ёй карыстаюцца больш за 258 мільёнаў чалавек па ўсім свеце. Гэта адна з моў кангрэса, тады як беларуская мова ўваходзіць у групу моў, што выціскаюцца.

Прадстаўленне супярэчлівых фактаў, відавочных кожнаму мовазнаўцу і славісту, кампраметуе членаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Абсалютна недастойнай годнасці навукоўцаў зʼяўляецца насмешлівая крытыка іншых моў — англійскай, італьянскай, нямецкай, французскай і польскай.

У той час, калі беларусы, у поўнай годнасці і мудрасці, мірна змагаюцца за свае чалавечыя правы і перамогу праўды, справядлівасці і сумленнасці на сваёй радзіме, выклікаючы найвышэйшае прызнанне і пашану ва ўсім свеце, такія прапагандысцкія тэксты, як тэкст спадароў прафесараў, выклікаюць не толькі мерытарычны пратэст, але і маральнае асуджэнне».

Ліст падпісалі дактары навук Эльжбета Смулкова (Варшаўскі ўніверсітэт), Анна Зяленска (Інстытут славістыкі Польскай Акадэміі навук), Анна Энгелькінг (Інстытут славістыкі ПАН), Ева Галахоўска (Інстытут славістыкі ПАН), Ядзвіга Ліндэ-Усякневіч (Варшаўскі ўніверсітэт).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0