«Пул першага»

Віктар Марціновіч рэфлексуе на budzma.by пра рэзанансную суботнюю сустрэчу ў КДБ і яе наступствы.

Нашаму глузду ў гэтую восень кідаюцца ўсё новыя выпрабаванні. Цяжка было асэнсаваць патаемную інаўгурацыю, бо яна не мела аналагаў у гісторыі,

але «дыялог», распачаты ў СІЗА з мэтай «абмеркавання новай Канстытуцыі», якую «не пішуць на вуліцах», — яшчэ большы ў сваёй непаўторнасці сюр. 

Хаця б таму, што з гэтай ідэяй прыйшлі да людзей, якія зусім не збіраюцца абмяркоўваць Канстытуцыю і лічаць, што мусяць прайсці новыя выбары. 

Я не лічу «дыялог» у СІЗА праявай моцы ці дальнабачнасці і магу запэўніць сваіх чытачоў у тым, што гэтаксама «дыялог» выглядаў для «ябацек», бо тых нацкавалі лічыць затрыманых па палітычнай справе «ворагамі», а любое ўзгадненне пазіцый з «ворагамі», да таго ж нібыта нейтралізаванымі і нават змешчанымі ў СІЗА, — гэта прыкмета хісткасці і няўпэўненасці таго, хто ў той СІЗА прывалокся. 

Больш за тое, я не магу выключаць, што нядзельная хваля гвалту была своеасаблівым адказам сілавога блоку на ідэю любога дыялогу, бо цяпер, пасля відовішча брата Домрачавай, якога тузаюць бы мех з бульбай і збіваюць на горкі яблык, знікае любая магчымасць размовы.

«Перавярнуць гэтую старонку» ўжо не атрымаецца, бо так пасля абвяшчэння дыялогу не робяць.

Сілавы блок штурхае сістэму да зварочвання нават спробаў пагаднення, а любы прадстаўнік Рады, які пасля гэтага відовішча сядзе «дапрацоўваць» Канстытуцыю ў працоўнай групе Беларускага народнага сходу, будзе падзяляць адказнасць за тое, чым суправаджаўся «дыялог».

Да таго ж я цалкам выключаю, што ідэя выезду ў СІЗА прыйшла да сістэмы знутры, а не звонку. Палітзняволеныя ў Беларусі з’яўляліся пасля кожных выбараў, але ні да Саннікава, ні да Казуліна, ні да Статкевіча з Някляевым прэзідэнт у астрог не прыязджаў. І гэта натуральна — ігнараваць само існаванне людзей, жыццё якіх скалечыла зухаватая рэакцыя на спробу ўдзелу ў выбарах. 

І паколькі масавыя пратэсты працягваюць ігнараваць, тут нешта змянілася менавіта звонку, і я не магу выключаць, што «турэмны дыялог» стаўся вынікам ціску з Усходу.

Вы напэўна ж чулі пра меркаваны парадак дня ў адносінах Мінска і Масквы — там падштурхоўваюць да хуткіх новых выбараў, пад якія мусіць быць створаная нейкая партыя, яе магчымыя назвы ўжо агучаныя. І нібыта на гэта Крамлём адпушчаныя ўсяго толькі 6 месяцаў, і той факт, што Мінск не вызваляе патэнцыйных кіраўнікоў гэтай партыі, можа дужа нерваваць Маскву. 

Заўважце, дарэчы, што Лаўроў і Пяскоў крытыкуюць Ціханоўскую, але маўчаннем аточаная іх пазіцыя па Бабарыку і чальцах ягонай каманды.

І калі Масква цісне, а інструментаў такога ціску ў Пуціна хапае, Мінск можа зрабіць хаця б нешта, каб імітаваць энтузіязм. Відавочна, што выпускаць Ціханоўскага, Бабарыку і Калеснікаву незламанымі вельмі небяспечна — ну дык можна хаця б з імі «правесці дыялог». За кратамі, ага.

Пры гэтым я абсалютна ўпэўнены, што на такі «дыялог з-пад шыбеніцы» не «купіцца» не толькі Еўропа, але і Крэмль. Відавочна, што гэта зусім не тое, чаго чакалі ад Мінска.

І ў выкананні «мяккіх пажаданняў» старэйшых таварышаў набліжаецца тая мяжа, пасля якой трэба ці то цалкам страчваць вобраз моцнага і пераможнага лідара, ці то ўпірацца рогам і рыхтавацца да жалезнай заслоны не толькі з Захаду, але і з Усходу.

Бо як думала гэта зрабіць сістэма? Пабалбатаць пра нешта з вязнямі, выхапіць хаця б 10 хвілін прыязнай часткі размовы, без крыку і з’едлівага смеху тых, каму «прапануюць дыялог», шырока паказаць гэта па ТБ, каб пачулі ўсходнія партнёры, а пасля правесці «змены ў Канстытуцыю» на снежаньскім «Усебеларускім сходзе» і ў студзені надзяліць цяперашнюю палату правам абіраць прэзідэнта, у поўнай упэўненасці, што прэзідэнт пры гэтым не зменіцца?

Што атрымліваецца на выхадзе? За пяць гадзінаў «дыялогу» не ўдалося вычапіць нават трох хвілін, прыдатных для сімуляцыйнай «карцінкі», усё, што нам паказалі, — 30 секунд маналогу, пры тым, што твараў тых, на каго скіраваны маналог, не бачна.

З усіх затрыманых вызваленыя толькі двое, і калі нават Юры Васкрасенскі зараз пачне «ад імя Бабарыкі» нешта там узначальваць, людзі з вуліц не сыдуць, ды і Крамлю ад гэтага прыемна не зробіцца.

То «турэмны дыялог» — відавочная параза, а нядзельны гвалт — тлустая кропка, якая закрывае гэты недарэчны абзац гісторыі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

5
Жвір / Адказаць
12.10.2020 / 15:15
Вы напэўна ж чулі пра меркаваны парадак дня ў адносінах Мінска і Масквы — там падштурхоўваюць да хуткіх новых выбараў, пад якія мусіць быць створаная нейкая партыя, яе магчымыя назвы ўжо агучаныя. І нібыта на гэта Крамлём адпушчаныя ўсяго толькі 6 месяцаў... <---------------------- Не, ня чулі... А сп.Марціновіч хіба чуў ?
3
Хлопец з Лучына / Адказаць
12.10.2020 / 15:32
Разумнае меркаваньне. То
2
даведка / Адказаць
12.10.2020 / 17:24
Спецслужбы сперва распустили слух о низком социальном статусе Тихановского в СИЗО, а затем сами же посадили к нему за стол Лукашенко. )))
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру