Раздзёрты акрываўлены нацыянальны сцяг. Жанчына вынесла яго на сабе, пад дажджом кроў перайшла на яе блузку

«Сёння каля Стэлы ў Мінску каля 15:00 у мяне на вачах жорстка затрымлівалі і збівалі людзей, — напісала ў «Нашу Ніву» 31-гадовая жыхарка Мінска (імя ведаем, па яе просьбе не называем). — Я пабачыла на зямлі каля бусаў з сілавікамі бел-чырвона-белы сцяг. Калі адзін з бусаў з сілавікамі пераехаў у іншае месца, мы з нейкай невядомай мне жанчынай падышлі, каб гэты сцяг падняць, каб беларускі сімвал не валяўся.

Сцяг аказаўся парваны на некалькі кавалкаў. Ён таксама аказаўся акрываўлены, са згусткамі крыві.

Жанчына, якая ішла са мной, ад эмоцый пачала гучна праклінаць сілавікоў, я папрасіла, каб яна гаварыла цішэй, бо «чорныя» былі зусім блізка. Мы хутка сабралі кавалкі, я схавала іх пад курткай, і мы пайшлі.

Нашу калону шмат разоў разганялі, яна збіралася зноў. Прыходзілася бегаць без парасона, я зусім прамокла.

Ужо дома, калі разгарнула, пабачыла, што гэты сцяг, відаць, перашыты саматужна з прасціны — на белым бачныя некалькі паралельных аранжавых палосачак…

Дома я таксама пабачыла, што пад праліўным дажджом кроў невядомага мне чалавека на яго сцягу не толькі расплылася, але і перайшла на маю кашулю…

Мяне ўсю калоціць, калі я пішу гэтыя радкі…

Той чалавек, які яго нёс, а можа і шыў, застаўся ў тым бусіку, што ад'ехаў.

Чалавеча, я не ведаю, хто ты і што з табой зрабілі. Але сёння твой сцяг абышоў палову Менска і застанецца ў мяне да тых часоў, пакуль мы не пераможам», — піша жанчына.

Кантакт жанчыны маем у Рэдакцыі «Нашай Нівы».

Яна не выключае, што з часам сцяг можа быць перададзены ў Нацыянальны гістарычны музей.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

7
Нагнуть лася / Адказаць
11.10.2020 / 23:53
Да это уж для истории и для беларусов а назидание. Гэта нашы сiмвалы сцяг белчырвонабелый i герб Пагоня. I мова наша беларуская таксама с цягам часу да нас абавязкова вернецца.
3
Андрэй Ляховіч / Адказаць
12.10.2020 / 11:26
Так, на падставе сапраўдных падзей, зьяўляюцца сымбалі і легенды змаганьня і пакут за свабоду. Дзякуй вялікі Вам, грамадзянка і патрыетка! Калісьці будзе музей беларускай рэвалюцыі годнасьці і ўжо есьць для яго экспанаты.
1
алесь менски / Адказаць
12.10.2020 / 22:48
Наш ад крыві чырвоны, ад болю, белы сцяг. Наш бел-чырвона-белы, наш бел-чырвона-белы...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру