У гэтым годзе ў мiнскай кнiгарнi «Светач» (ААТ «Белкніга») адбыўся цiкавы праект «Сустрэчы з Караткевiчам»: вядомыя людзi распавядалi пра свой досвед знаёмства з класiкам i ягонай творчасцю. Адна з самых цiкавых гутарак атрымалася са слынным паэтам, пiсьменнiкам, даследчыкам Леанiдам Дранько-Майсюком. Спадар Леанiд увогуле ўмее апавядаць пра ўсё ярка, вобразна i запамiнальна, а яшчэ знаходзiць нечаканыя ракурсы. Таму сёння, адмыслова для чытачоў «Звязды», новая гутарка з паэтам пра Уладзiмiра Караткевiча, адносiны памiж пiсьменнiкамi i, вядома, пра беларускую лiтаратуру.

— Часцяком кажуць, што пiсьменнiкаў варта любiць на адлегласцi. Што вы ведалi пра Уладзiмiра Караткевiча да асабiстага знаёмства з iм? Наколькi супалi ўяўленнi з рэальнасцю?

— Адлегласць ратуе ад лiшняга, а ў лiшнiм шмат непатрэбнага, а то i небяспечнага. Мушу сказаць, што не толькi пiсьменнiкаў варта любiць на адлегласцi. Наогул, пра чалавека ведаць шмат — не заўсёды добра. Аднак жа мы iмкнёмся да празмернасцi i праз гэта загрувашчваем сваю душу. Часам мне здаецца, што абмежаванне i з'яўляецца мэтай жыцця. У 1989 годзе я трапiў у Грэцыю. Нашы людзi, сцiснутыя сцiплым савецкiм побытам, у багатых Афiнах кiдалiся на ўсё — на касцюмы, на футры, на абутак, на радыёапаратуру. Знаёмы грэк, аскетычнага выгляду фiлосаф, здзiўляўся: «Навошта вам гэта ўсё?! Ёсць на плячах кашуля i досыць!» Гэты прыгожы грэк быў падобны на Уладзiмiра Караткевiча…

Што я ведаў пра Караткевiча да асабiстага знаёмства?

Чытаў ягоныя творы. Перш за ўсё нарыс «Званы ў прадоннях азёр», надрукаваны ў часопiсе «Маладосць» з цудоўнымi здымкамi Валянцiна Ждановiча. У гэтым нарысе Караткевiч вельмi добра напiсаў пра мой Давыд-Гарадок, пра маю раку Гарынь, пра Замкавую гару з яе «карказломнымi схiламi». Трохi пазней я ўбачыў кнiгу «Вока тайфуна», яе са школьнай бiблiятэкi прынесла мая цётка Тася. А ў школе настаўнiца беларускай лiтаратуры Надзея Дзмiтрыеўна Васiльева нам, дзецям, адкрыла блiскучы верш «Заяц варыць пiва». Спадарыня Надзея расказала мне пра раман «Каласы пад сярпом тваiм» i, дарэчы, дала гэты твор прачытаць. А тады ў часопiсе «Нёман» убачыў я i аповесць «Дзiкае паляванне караля Стаха», якую на рускую мову пераклала Валянцiна Шчадрына.

Дароўныя надпiсы Леанiду Дранько-Майсюку i Валянцiне Шчадрыной

Дароўныя надпiсы Леанiду Дранько-Майсюку i Валянцiне Шчадрыной

Калi я вучыўся ў Лiтаратурным iнстытуце i часта бываў у гасцях у пiсьменнiцы Лiдзii Абухавай, то мы гаварылi найбольш пра Караткевiча. Абухава называла аўтара «Каласоў» найлепшым беларускiм празаiкам.

А калi я ўвайшоў у сям'ю Валянцiны Шчадрыной, стаўшы мужам яе малодшай дачкi Вольгi, то гэтая вялiкая тэма «Жыццё i творчасць Уладзiмiра Караткевiча» ўзбагацiлася самымi цiкавымi падрабязнасцямi. Валянцiна Шчадрына ўвесь час шкадавала, што ў душы выдатнага творцы эмоцыi i пачуццi заўсёды пераважалi над спакоем. Ёй па-жаночаму хацелася, каб жыццё нашага дзiвоснага пiсьменнiка было крыху спакайнейшае.

А мае ўяўленнi пра Караткевiча i не думалi супадаць з рэальным воблiкам творцы. I па сённяшнi дзень не супадаюць.

— Кажуць, што Уладзiмiр Караткевiч не любiў, калi яго называлi рамантыкам.

— Некалi ў мяне, студэнта, выкладчык на экзамене спытаўся: «Што такое рамантызм?» Амаль не думаючы адказаў: «Гэта iмкненне жыць радасна!» Я толькi што вярнуўся з армii, таму па-iншаму, напэўна, i адказаць не мог. Выкладчык, памятаю, доўга смяяўся з майго адказу. Цяпер я чамусьцi ўпэўнены: такая студэнцкая трактоўка Караткевiчу спадабалася б. Называць жа творцу (яркага мастака!) толькi рамантыкам, цi толькi бытаапiсальнiкам, цi толькi сатырыкам, цi, скажам, нейкiм лiрыкам — значыць, свядома здрабняць фiласофскi маштаб гэтага творцы. Мяркую, адсюль i нелюбоў Караткевiча да такiх класiфiкацый. Калi мастак сапраўдны, то ў ягоным таленце адначасова ёсць усё — i рамантызм, i рэалiзм, i экспрэсiя, i ўстойлiвая велiч. Кiм быў Караткевiч? Адначасова беларускiм духам i беларускай сутнасцю!

— Як Валянцiна Шчадрына пачала перакладаць творы Уладзiмiра Караткевiча? I як пiсьменiк ставiўся да працэсу перакладу — цi моцна ўмешваўся?

— Здаецца, паспрыяў шчаслiвы выпадак. Караткевiч знаходзiўся са сваёй жонкай Валянцiнай Бранiславаўнай у Кактэбелi, у той жа крымскi дом творчасцi з Масквы прыехала i Валянцiна Шчадрына. Яна тады працавала ў Саюзе пiсьменнiкаў СССР кансультантам па беларускай лiтаратуры. Адбылося знаёмства, вянцом якога стала нечаканая прапанова саракагадовага пiсьменнiка: «Вы будзеце перакладаць мой раман «Каласы пад сярпом тваiм»!» Прапанова прагучала як патрабаванне! Словам, усё адбылося ў стылi рашучага, часам i наогул бескампрамiснага Караткевiча. Над аб'ёмным рукапiсам Шчадрына працавала некалькi гадоў. Работа была i складаная, i надзвычай плённая. I сапраўды, Караткевiч адстойваў свае рэдкiя слоўцы i вобразы, сакавiтыя дэталi, змагаўся за тое, каб у рускiм варыянце рамана чытач, далёкi ад беларушчыны, адчуваў глыбiнную псiхалогiю беларускай культуры. У сваiх лiстах прасiў перакладчыцу, каб яна лексiчна захавала тое няўлоўна-дакладнае, што ўласцiва характарам нашых сялян, мяшчан, шляхты — нарэшце, нашых арыстакратаў. Перакладчыцкая работа Валянцiны Шчадрыной яму спадабалася.

— Знайшла цiкавую цытату — лiст Караткевiча да Валянцiны Шчадрыной ад 20 студзеня 1972 г.: «Среди моих друзей ксендзы из Вишнева и Пинска, рыбаки из Коктебеля, змеелов из Москвы, создатель новой философской системы — мужик из-под Любчи, да мало ли ещё кто. И чтобы я стал тратить дорогое время не на них, из дружбы с которыми я не извлекаю никакой выгоды, кроме дружбы и жизни, а на определение «кто есть кто», «кто с кем», «кто за кого», наконец «кто кого» — я проклял бы самого себя!» Як бы вы гэта пракаментавалi? Дарэчы, цi магчымае шчырае сяброўства памiж пiсьменнiкамi, творчымi асобамi, якiм ёсць што дзялiць?

— Выпадкова цi невыпадкова, але гэтымi словамi Караткевiч стварыў свой вельмi дакладны аўтапартрэт. Ён любiў людзей адметных i адкрытых, бо сам быў i дастаткова адметны, i дастаткова адкрыты. Ён iмкнуўся да такiх людзей, яму было з iмi цiкава. Ён верыў у моцны iнтэлiгентны характар. Ён хацеў, каб чалавечыя душы не гнулiся, таму i цанiў ксяндзоў i стваральнiкаў новых фiласофскiх сiстэм — заўважу, такiя людзi ў Савецкiм Саюзе былi на падазрэннi!

Зраблю акцэнт i на тым, што ва ўмовах СССР Караткевiч цанiў менавiта рыбакоў i змеяловаў, а не кабiнетных парторгаў!

Гэта вельмi яскравы штрых, якi выдатна характарызуе нашага творцу!

Вядома, Караткевiч не ўлазiў у сваркi, пазбягаў iх, адчуваў, што iншыя яму вельмi зайздросцяць; ён не адштурхоўваў, адштурхоўвалi яго, таму зусiм невыпадкова, што пры жыццi ён так i не атрымаў Дзяржаўную прэмiю — лаўрэатамi ж Дзяржаўнай прэмii сталi тыя, якiя пазней у мемуарах i дзённiках назвалi сябе «сябрамi» Уладзiмiра Караткевiча.

«Сябры» Караткевiча любiлi прыкiдвацца беднымi — Караткевiч нiколi не прыкiдваўся…

А што да сяброўства памiж пiсьменнiкамi, то нiякага шчырага сяброўства быць не можа. Людзей звычайна аб'ядноўвае часовая ўзаемная выгада — матэрыяльная цi маральная. Сябруюць звычайна з тымi, хто цябе хвалiць.

— Уладзiмiр Караткевiч меў улюбёны тыпаж жанчыны… Нават два тыпажы, два бакi адной гераiнi, якiя iснуюць паралельна: Гелена Маеўская i Майка Раўбiч з «Каласоў», Iрына Горава i яе сястра-мастачка Ганна з «Нельга забыць», Анэя i Марына Крывiц з рамана «Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi»… Каханая — i тая, што кахае, жорсткая — i адданая… Дзеля адной герой гiне, другая ахвяруе ўсiм дзеля яго; адна яго мучыць — другую мучыць ён сам.

— Калi гаварыць пра «два тыпажы» (а яны, дарэчы, могуць iснаваць разам, у адным характары!), то, магчыма, адказ трэба пашукаць у паэме Янкi Купалы «Магiла льва». Аднойчы з вуснаў Караткевiча я пачуў чатыры радкi з гэтага генiяльнага твора:

На беларускую дзяўчыну,
Калi тут праўду ёй аддаць,
Нiхто йшчэ каменем не кiнуў
I не паважыцца кiдаць…

Дык хто ж яна, гэта iдэальная беларуская дзяўчына?!

Здрадлiвая Наталька!

Тая Наталька, якая пакiнула свайго даверлiвага Машэку i

«…сама к бядзе пайшла сваёй…»

Караткевiч ведаў пра жаночы характар усё, але ён узвышаў жанчыну, бо быў сапраўдны мужчына, i таму зусiм невыпадкова тое, што з ягоных вуснаў я не пачуў, скажам, наступныя радкi:

Забыла ўсе Машэкi ласкi,
Каханне шчырае яго, —
Пад чарам ворагавай казкi
Зраклася мiлага свайго…

Гэтыя Купалавы радкi нiбыта развенчваюць жанчыну, што не зусiм адпавядала этыцы Караткевiча — словам, ён цытаваў Янку Купалу па-свойму i, вядома ж, меў рацыю…

— А можаце абмаляваць ваш улюбёны тыпаж гераiнi?

— Мая лiтаратурная гераiня ўсё больш i больш робiцца падобнай да маёй жонкi Вольгi, i ў гэтым надзейнае маё шчасце!

— Чула меркаванне, што рыцарства Караткевiча ў адносiнах да дам — не болей, чым мiф… Класiк, здаецца, увогуле аматар быў ствараць вакол сябе мiфы… Гэта ад жадання расквецiць жыццё цi дзеля прыцягнення ўвагi, як сёння прынята рабiць?

— Ёсць кнiга, якую цiкава чытаць, i вакол гэтай кнiгi з'яўляюцца гiсторыi цi, як вы сказалi, мiфы. Ёсць кiнакарцiна, якую цiкава глядзець, i вакол гэтай кiнакарцiны таксама вырастаюць мiфы. Ёсць нейкая прыродная з'ява, зноў жа ўзбагачаная цiкавымi таямнiцамi…

Асноўнае паняцце тут — цiкавасць!

Дык вось, Уладзiмiр Караткевiч сам па сабе быў цiкавы!

Я пазнаёмiўся з iм, калi вучыўся ў Лiтаратурным iнстытуце, i калi слухаў яго, то ў гэты момант быў упэўнены: Караткевiч цiкавейшы за ўсiх маiх выкладчыкаў!

Цi ствараў ён мiфы вакол сябе?

Ствараў!

I рабiў гэта артыстычна, амаль незаўважна, лёгка, натуральна!

Не буду абвяргаць няпэўнае, цi ўяўнае, меркаванне адносна ягонага рыцарства, бо гэта ўсё адно што даказваць: беларускi алфавiт пачынаецца не з лiтары «А», а з лiтары «Я»!

Калi я казаў: «Караткевiч узвышаў жанчыну…» — гэта значыць, я сказаў: «Караткевiч — рыцар!»

Так, ён любiў быць у цэнтры ўвагi i дзеля гэтага шэрым жыццёвым вобразам надаваў яскравыя колеры!

Здаецца, нiчым Караткевiч мяне не расчараваў — наадварот, натхняў на ўласныя мiфы.

— I яшчэ пра адзiн мiф… Дык цi быў напiсаны працяг «Каласоў»?

— Хай на гэта адкажуць лiтаратуразнаўцы. Я ж магу вось што згадаць. Караткевiч любiў сваiх герояў, не хацеў, каб яны памiралi. Неяк мая Вольга спытала ў яго, калi будзе завершаны раман «Каласы пад сярпом тваiм»?

— Калi?! — лiтаральна ўскiнуўся пiсьменнiк. — Скончыць раман, гэта значыць, узвесцi на эшафот Алеся Загорскага! А я не магу гэта зрабiць…

— Наколькi Караткевiч iшоў у жыццi на кампрамiсы? Гэтае «нi коскi з месца не зрушу» — таксама мiф?

— «Нi коскi ў сваiм рукапiсе не зрушу!» — пра гэту Караткевiчаву фразу мне расказвалi, калi я працаваў у выдавецтве «Мастацкая лiтаратура». А з таго, што чуў ад Валянцiны Шчадрыной, выходзiла, што Караткевiч быў даволi ўпарты i ў маскоўскiх выдавецтвах, вельмi не любiў, каб ягоныя тэксты падлягалi праўцы.

А што да кампрамiсаў наогул, то варта не забываць наступнае: Караткевiч нарадзiўся i памёр у Савецкiм Саюзе. Пражыць усё сваё жыццё ў таталiтарнай дзяржаве з яе магутнай цэнзурай, друкавацца ў дзяржаўных (прыватных жа не было!) часопiсах i выдавецтвах, якiя з'яўлялiся iдэалагiчнымi структурамi, i пазбегнуць кампрамiсаў проста было немагчыма!

Аднак Караткевiч не ўступiў у камуністычную партыю, не засядаў у бясконцых прэзiдыумах, не прамаўляў з начальнiцкiх трыбун.

Ён заставаўся выключна творцам, як, дарэчы, i Мiхась Стральцоў.

Можна сказаць, што ў нейкай ступенi яму пашанцавала — у яго, дзякаваць богу, былi ў Мiнску надзейныя абаронцы. Гэта i Аляксандр Кузьмiн, i Сяргей Законнiкаў, i Мiхась Дубянецкi. А ў Маскве — Валянцiна Мiканораўна Шчадрына. Караткевiч, напэўна ж, адчуваў, што яму дазволена крыху больш паказваць свой наравiсты характар, чым iншым.

— Наколькi лёгка было яго пакрыўдзiць? А наколькi лёгка падмануць?

— Здаецца, тут ён быў крыху падобны да Максiма Горкага. Дарэчы, перад Максiмам Горкiм я заўсёды схiляю галаву, бо ў пачатку XX стагоддзя ён, ужо ўплывовы ў свеце пiсьменнiк, падтрымаў Янку Купалу i Якуба Коласа!

Паводле мемуарнай лiтаратуры, шмат людзей карысталiся з дабрынi Максiма Горкага, былi i такiя, што яго падманвалi.

Што да Караткевiча, то яго падманвалi «блiзкiя сябры», але гэтая тэма пакуль не для нашага iнтэрв'ю.

Наогул жа, крыўдлiвасць — залатая якасць вялiкага таленту, i Караткевiч валодаў гэтай якасцю.

— Якую сустрэчу з Караткевiчам вы маглi б назваць самай сумнай, а якую — самай вясёлай?

— Самая сумная адбылася ў канцы чэрвеня 1984 года. Я збiраўся ў Брацiславу i хацеў свайму сябру, славацкаму паэту Тэадору Крыжку, прывезцi ў якасцi падарунка раман «Чорны замак Альшанскi» з дароўным надпiсам аўтара. Тады я бачыў Караткевiча апошнi раз, вядома ж, не ведаючы, што ён апошнi — пiсьменнiк ляжаў на канапе, накрыты каляровай, каралеўскай, як мне здалося, коўдрай…

Былi i вясёлыя моманты.

Аднойчы зранку я яму пазванiў, i ён мне сказаў:

— Лёнечка, ты так рана пазванiў, што я яшчэ не паспеў абмыць аблiчча!

Падчас «Сустрэч з Караткевiчам» у «Светачы»: дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак i паэт Леанiд Дранько-Майсюк

Падчас «Сустрэч з Караткевiчам» у «Светачы»: дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак i паэт Леанiд Дранько-Майсюк

— Цi ёсць у вас творы, прысвечаныя Уладзiмiру Караткевiчу, натхнёныя iм?

— Маю творы, менавiта натхнёныя яго творчасцю — напрыклад, паэму «Адам Нядзелька». Рэч гэтая адкрываецца эпiграфам з рамана «Чорны замак Альшанскi»: «З чаго мне, чорт пабiрай, пачаць?»; красамоўная, дарэчы, першая страфа паэмы:

I драбяза гняце, i велiч —
З чаго пачаць?
Ва ўсiм — падман.
Пра тое думаў Караткевiч,
Свой пачынаючы раман…

А паводле знакамiтай аповесцi «Ладдзя Роспачы» я склаў аднайменную драматычную паэму з характэрным жанравым вызначэннем «Услед за Уладзiмiрам Караткевiчам».

А яшчэ ў маёй аповесцi «Горад Боны i Давыда» можна знайсцi алюзii на творчасць аўтара «Каласоў».

Наогул жа для маёй сям'i Караткевiч, можна сказаць, творча родны; скажам, калi майму сыну Васiлю было тры гады i яму прапiсалi акуляры, Караткевiч, убачыўшы Васiля, сказаў: «Хвалююся за ягоныя вочы!»

Цяпер Васiлю сорак гадоў, i ён як тэатральны рэжысёр ставiць спектакль паводле паэзii Караткевiча — такая яна на новым этапе, творчая сувязь з нацыянальным генiем!

— Яшчэ адзiн цiкавы факт, якi знайшла ў сецiве: Караткевiч аднойчы напiсаў для вас дароўны надпiс — «Леанiд, вяртайся да зямлi!» Гэта ён проста абыгрываў назву свайго рамана, альбо ўкладваў яшчэ нейкi сэнс?

— Пра тое шчаслiвае для мяне «аднойчы» я часта думаў, i толькi сёлета ў сваёй «Памятнай кнiжцы» занатаваў: «27 сакавiка 2020 г., пятнiца». У творцы Караткевiч цанiў перш за ўсё чалавечыя якасцi, а ягоны талент ставiў на другое месца.

Мяркую, гэта важная асаблiвасць.

Этыка вышэй за эстэтыку!

Так, гэта, здаецца, ягонае правiла.

7 чэрвеня 1984 года я зайшоў да яго, i на тытульным лiсце свайго рамана «Нельга забыць» ён, закурыўшы, напiсаў:

«Таленавiтаму паэту, а, самае галоўнае, добраму хлопцу Леанiду Дранько-Майсюку на добры ўспамiн. Уладзiмiр Караткевiч. P.S. Леанiд! Вяртайся да зямлi».

Што важна, словы «…самае галоўнае…» ён не толькi вылучыў коскамi, а яшчэ i падкрэслiў!

— Калi б вам далi магчымасць, якi помнiк Уладзiмiру Караткевiчу цi ягонаму герою i дзе б вы паставiлi?

— Месца — Мiнск, Кастрычнiцкая плошча. У цэнтры плошчы — помнiк самому Уладзiмiру Караткевiчу, прычым — маладому, бо ў воблiку маладога Караткевiча — уся ягоная няўрымслiвая душа! А блiжэй, скажам, да Палаца Рэспублiкi павiнен з'явiцца помнiк i ягонаму слаўнаму герою з аповесцi «Ладдзя Роспачы» Гервасiю Вылiваху! Чаму менавiта Гервасiю Вылiваху? Ды таму, што праз гэты вобраз Караткевiч паказаў беларускую рызыкоўнасць.

Вынаходлiвы на жарты весялун Гервасiй Вылiваха не пабаяўся згуляць у шахматы з самой Смерцю! Спаборнiцтва было цяжкае (а як жа iнакш?!), але ахвотнiк павесялiцца Гервасiй Вылiваха выйграў у Смерцi шахматную партыю — завяршальную асноўную партыю!

I тут думка даволi празрыстая: на працягу свайго доўгага iснавання беларусы баранiлiся ад бяды не толькi зброяй, але i рызыкоўнымi ўчынкамi!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?