Выезд з Мінска ў Магілёўскім і Гомельскім кірунках зробяць зручнейшым. На Партызанскім праспекце ў раёне станцыі метро «Магілёўская» з'явіцца транспартны хаб. Рэалізаваць праект намечана ўжо гэтай восенню, паведамляе Мінгарвыканкам у сваім тэлеграм-канале.

Падрабязнасцямі падчас прамой тэлефоннай лініі падзяліўся Аляксандр Дараховіч, намеснік старшыні Мінгарвыканкама.

— Праз Партызанскі праспект у сталіцу штосутачна заязджае 58 тысяч аўтамабіляў. Гэта самы напружаны кірунак. У Мінск з усіх напрамкаў за суткі заязджае 180 тысяч машын. Акрамя легкавых аўтамабіляў, праспект актыўна выкарыстоўваюць велікагрузы: смеццявозы, якія едуць на палігон, фуры, якія абслугоўваюць прамысловыя прадпрыемствы. Да таго ж там вельмі запатрабаванае месца пасадкі і высадкі пасажыраў: апошняя станцыя метро, выезд з горада ў напрамку адразу двух абласных цэнтраў. Усё гэта ў суме прыводзіць да сур'ёзнай загружанасці ўчастка.

Для паляпшэння лагістыкі ў частцы пасадкі і высадкі пасажыраў транспартныя патокі вырашана развесці. Плануецца ўладкаваць «кішэню» для грамадскага транспарту.

Асобная платформа будзе для пасажыраў аўтобусаў і тралейбусаў, іншая — для маршрутных таксі. Такім чынам яны не будуць перашкаджаць адзін аднаму і асноўнаму транспартнаму патоку.

Такія транспартныя хабы створаць як з боку ўезду ў горад, так і з боку выезду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0