Над прадпрыемствам «Гродна Азот» загарэўся факел. На прадпрыемстве паведамляюць, што ніякай пагрозы або пазаштатнай сітуацыі няма. Пускавыя аперацыі ў цэхах ААТ «Гродна Азот» суправаджаюцца спальваннем тэхналагічнага газу на факельнай устаноўцы, паведамілі ў прэс-службе прадпрыемства.
У цэхах «Аміяк-4» і «Карбамід-3» 8 кастрычніка пачаліся пускавыя аперацыі, якія ўключаюць разагрэў і вывад на тэхналагічны рэжым аддзяленняў цэхаў. Тэхналагічны газ мае ў сваім складзе гаручыя рэчывы і скідваецца на факельную ўстаноўку. Яго спаленне тут прадугледжана рэгламентам для ўтылізацыі гэтых рэчываў.
Адзначаецца, што пускавыя аперацыі могуць доўжыцца некалькі сутак. Пасля іх завяршэння і пасля атрымання гатовай прадукцыі спаленне тэхналагічнага газу на факельнай устаноўцы спыніцца.