2 кастрычніка ў Жодзіне затрымалі 56-гадовага Ігара Дамаронка.

«Я выходзіў на вуліцу 23 верасня, у дзень інаўгурацыі Лукашэнкі. У Жодзіна людзі ішлі рознымі маршрутамі па горадзе. Быў без сімволікі, проста шараговы ўдзельнік шэсця, — расказвае Дамаронак. — Міліцыя ж вядзе фота і відэафіксацыю, я твар не хаваю. Ну і мяне «зафіксавалі».

У пятніцу, 2 кастрычніка, пазванілі з міліцыі: трэба пад’ехаць. Я кажу — шмат спраў, давайце ўжо ў панядзелак. Пазванілі яшчэ раз вечарам: не, трэба сёння. Я пад’ехаў, мяне адразу ж і затрымалі».

Да панядзелка Дамаронак прабыў пад вартай.

«5 кастрычніка быў хуткі суд, па скайпе. Я віну не адмаўляю, але лічу, што грамадзяне сёння знаходзяцца ў стане крайняй неабходнасці, гэта артыкул 5.3 КаАП. Яны не маюць іншай магчымасці выказаць сваю пазіцыю, адпаведна дзеянне ў стане крайняй неабходнасці не з’яўляецца злачынствам. Тым больш прававыя нормы ў іншы бок не працуюць — атрымаць дазвол на мітынг немагчыма.

Але мяне, канечне, прызналі вінаватым, далі штраф 10 базавых».

Дамаронку 56 гадоў. Ён былы работнік пракуратуры, даслужыўся да намесніка пракурора горада Жодзіна, але ў 2007 годзе звольніўся.

«Не скажу, што сышоў чыста па палітычных матывах, але працаваць у той сістэме не хацеў. Бо яна несправядлівая, функцыянуе як сістэма дзеля сістэмы. Калі ты ў ёй — то табе і добра, асабліва гэта бачна сёння. Але простым людзям — няпроста», — тлумачыць Ігар.

Цяпер Дамаронак займаецца юрыдычнай практыкай. Перад сёлетнімі выбарамі ён уваходзіў у ініцыятыўную групу Бабарыкі, збіраў подпісы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?