4 кастрычніка ў Ваўкавыску ўпершыню людзі не выйшлі на нядзельны пратэст. У 14.30, калі звычайна праходзіць акцыя пратэсту, у адным з ваўкавыскіх храмаў правялі малітву за Беларусь. На набажэнства прыйшлі блізу 150 чалавек. Пасля яго заканчэння людзей затрымлівалі і везлі ў РАУС «на гутарку», піша Hrodna.life.

Маліцца за Беларусь кожную нядзелю добраславіў мітрапаліт. Толькі малебен праходзіў а 17.00, распавёў Hrodna.life Аляксандр Богдан, ваўкавыскі святар. Да яго звярнуўся адзін з пратэстоўцаў і папрасіў правесці малебен раней, днём, калі ўсе выходзяць на пратэст.

Айцец Аляксандр перанакіраваў яго да іерэя Аляксандра Юзвы, памочніка епіскапа ў царкоўнай акрузе ў складзе епархіі. Той пагадзіўся, і сам адслужыў малебен. Прыйсці маглі і прадстаўнікі іншых канфесій, і няверуючыя, адзінай умовай было не прыносіць з сабой у царкву сімволіку і плакаты.

На службу ў храм Святых Роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла ў прыватным сектары сабраліся каля 150 чалавек. «На малебен увечары прыходзіць звычайна 10−15 чалавек. Вернікі ў асноўным ідуць раніцай на літургію», — патлумачыў Аляксандр Богдан.

Пасля службы пачаліся затрыманні. Людзей везлі ў РАУС, апытвалі, праз пару гадзін адпускалі без складання пратаколу. 3−4 чалавекі адвезлі ў РАУС яшчэ да службы. Усяго такім чынам затрымалі каля 15 чалавек.

У затрыманых правяралі тэлефоны і казалі, што пратэстоўцы перайшлі мяжу пасля падпалу дома і аўто міліцыянта, паведамлялі чытачы «Нашай Нівы». Як сказаў начальнік РАУС Віталь Асоцкі, які здымаў усе акцыі пратэсту на камеру, грамадзян затрымалі на гутарку.

Пратэстоўцы ў Ваўкавыску 14 жніўня. Фота: volkovysk.by.

Пратэстоўцы ў Ваўкавыску 14 жніўня. Фота: volkovysk.by.

Дзённы малебен за Беларусь плануецца і ў наступную нядзелю. «Не ведаю, як людзі ўспрымуць інцыдэнт з затрыманнямі. Думаю, службу абвесцяць, але многія пабаяцца», — сказаў Аляксандр Богдан.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?