За сваё жыццё Юрый Траян паспеў увасобіць на сцэне першыя сольныя партыі ў балетах, сярод якіх — «Спартак», «Лебядзінае возера», «Стварэнне свету», «Шчаўкунок» і многія іншыя, паставіць балеты «Вітаўт», «Анастасія», «Трыстан і Ізольда», «Крылы памяці», зрабіць пастаноўкі да танцаў у кіно і нават модных паказаў. А сёння, сярод іншага, працягвае дзяліцца вопытам з маладым пакаленнем артыстаў. Якраз пасля адной з рэпетыцый і напярэдадні яго юбілею (6 кастрычніка майстру споўніцца 70 гадоў) «Звязда» пагаварыла з галоўным балетмайстрам Вялікага тэатра Беларусі народным артыстам Юрыем Траянам пра вернасць прафесіі, балет ва ўсёй яго шматграннасці і закуліссе яго жыцця.

Юрый Траян. Фота Яна Хведчына

Юрый Траян. Фота Яна Хведчына

Артыстам дадзена адчуваць нейкія рэчы больш востра

— Юрый Антонавіч, вывучаючы шматлікую інфармацыю пра вас, сустрэла такое вызначэнне: «Юрый Траян — гэта цэлая эпоха ў сучасным балетным мастацтве».

— Такіх выканаўцаў, як я, маіх калег, якіх я вельмі паважаю, было вельмі многа. У балеце адзін чалавек нічога не зробіць — ні артыст кардэбалета, ні выканаўца галоўнай ролі, ні пастаноўшчык. Каб сапсаваць спектакль, дастаткова аднаго, які зробіць нешта не тое. А вось каб атрымалася добрая пастаноўка, патрэбны сотні людзей. І гэта не толькі тыя, хто на сцэне, а і тыя, хто вакол яе — грымёры, касцюмеры, выкладчыкі, хор, аркестр — усе яны робяць спектакль. Таму я ўвогуле не люблю рознага кшталту гучных заяў. Лічу, што проста добра і сумленна адпрацаваў 52 сезоны, зараз пачаўся 53-і…

— Мне даводзілася чуць, што тэатр для гледача пачынаецца з вешалкі. Для вас ён пачынаецца з чаго?

— Для мяне тэатр — гэта людзі, якія ў ім працуюць. Прафесія ў нас нялёгкая, яна патрабуе фізічных і эмацыянальных укладанняў. Калі артысту не ўдаецца нешта на рэпетыцыі, то да спектакля ён павінен вывучыць усё і старацца, як ніхто іншы. І ён будзе — не таму, што я яго прымусіў, а таму, што побач людзі, якія танцуюць добра, — і ён павінен адпавядаць, рабіць не горш за іх. Артысты вельмі эмацыянальныя, але ім Богам дадзена адчуваць нейкія рэчы больш востра, ярка і паказваць гэта іншым. Таму працаваць з імі няпроста, а калі ўдаецца, то атрымліваеш вялікае задавальненне.

— Ці лёгка даўся вам пераход ад вядучага артыста да пасад, дзе вы ўжо дзеліцеся вопытам з іншымі?

— Думаю, варта пачаць з таго, што Юлія Міхайлаўна Чурко (вядомы прафесар, доктар навук) заўсёды пры сустрэчы брала з мяне слова, што я буду вучыцца. У мяне было шмат працы, спектаклі, выезды, але ўсё ж такі абяцанне я стрымаў і скончыў інстытут. Па тых часах вышэйшая адукацыя была ў балеце не частай з'явай. Але, адпрацаваўшы 20 гадоў у тэатры і маючы той дыплом, я атрымаў пасаду кіраўніка харэаграфічнага вучылішча…

Быць адказным за іншых людзей і за вынік іх працы складана, але, магчыма, таму што, калі быў малады і самаўпэўнены, не сумняваўся, што ўсё атрымаецца. Тым больш меў пэўны вопыт, паколькі заўсёды быў завадатарам, сакратаром камсамольскай арганізацыі ў тэатры, прафсаюзным кіраўніком. Але я ніколі не думаў пра тое, як выстройваць кар'еру. Проста імкнуўся рабіць добра тое, што магу.

— А ад якіх памылак хочацца перасцерагчы маладых артыстаў?

— Калі ўважліва паглядзець, то на сцэне ты памыляешся ў нечым, таму што няправільна дзейнічаў у жыцці. Напрыклад, парушыў рэжым перад спектаклем ці легкадумна паставіўся да ролі.

Паважаю ў людзях упартасць

— У вашай творчай біяграфіі ад самага пачатку ёсць эпізоды, калі здзіўляешся, як вам удалося не сысці з прафесіі. Вы паступілі ў харэаграфічнае вучылішча і некалькі разоў кідалі яго. Потым у 21 год атрымалі званне «заслужаны артыст», а ў 25 — траўму… Што дапамагала вяртацца ў строй?

— Жыццё — яно не такое, як яго малююць, а такое, як складваецца. Я не ведаю ніводнага чалавека, у каго ўсё было толькі бліскуча ці толькі жахліва. Заўсёды — то ўзлёт, то падзенне. Прычым у многіх падзеннях мы самі вінаваты. Я кідаў балет тры разы. Першы раз — калі прыйшоў на заняткі ў вучылішча і мне страшна не спадабалася. Бацькі толькі вясной змаглі вярнуць мяне назад, калі паабяцалі купіць ровар. Потым кідаў у сувязі з траўмай (я ж разумеў, што як раней ужо танцаваць не змагу, а ў маладосці ўсё вельмі эмацыянальна ўспрымаеш). Быў яшчэ і момант, калі сыходзіў з балета пасля адлічэння з Ленінградскага вучылішча.

— Гэта адбылося з-за бойкі. Каго абаранялі, памятаеце?

— Дзяўчыну, з якой мы і да гэтай пары падтрымліваем сувязь. Яна цяпер жыве ў Сярэдняй Азіі… То-бок не ўсё так прыгожа і гладка, як можа падавацца. Былі хваробы, творчыя, сямейныя праблемы. Мне, можа, пашчасціла, што я працую з людзьмі і разумею, што складвацца ўсё можа па-рознаму.

— Дык што ж дапамагло застацца ў прафесіі — любоў да мастацтва ці нешта іншае?

— У мужыкоў гэта называецца «раззлаваўся». Ці можна спісаць гэта на нейкую ўпартасць. Шчыра кажучы, я паважаю ў людзях гэтую рысу.

— Што вам дапамагае разгледзець талент і перспектыву ў маладых артыстах?

— Калі побач з такімі 53 гады, то ўжо ўмееш бачыць схаванае. Некалі я быў, як яны, потым старэйшы, а цяпер ужо маю спалучэнне ўзросту і вопыту. Таму ўжо разумееш адразу, што можна, а чаго ад яго не варта чакаць.

— Можаце расказаць, што лічыце мінусам сваёй прафесіі?

— Ні адзін сур'ёзны артыст балета не жыве без траўм і хвароб. Прычым, калі ёсць нейкія праблемы ў 20, то і ў больш сталым узросце яны ўзнікнуць. Лад жыцця. З раніцы і да другой гадзіны працуем, потым перапынак да шастой і цэлы вечар на рабоце. Выхадны адзін раз на тыдзень, і то ў панядзелак, калі ўсе людзі працуюць.

І так усё жыццё, дзесяцігоддзямі. Не абыходзіцца і без стрэсаў, сямейных праблем.

— Па вашых назіраннях, сёння ў балеце многа маладых. Для каго мастацтва на першым месцы?

— Для большасці. Не адзін раз у нас былі сітуацыі, калі матэрыяльны бок пачынаў адставаць. Гэта і 90-я гады, і тое, што цяпер адбываецца ў сувязі з каранавірусам. Мы некалькі месяцаў не паказвалі спектаклі. А прэмія, з якой складаецца большая частка заробку, фарміруецца з прыбытку за пастаноўкі. Але ўсё роўна ніхто нікуды не збягае. Усе працуюць, таму што бачаць і разумеюць сітуацыю. І, безумоўна, наш тэатр вельмі знакаміты, хоць ёсць месцы, дзе значна больш плацяць за той узровень майстэрства, які маюць нашы артысты. Вядома, некаторыя з'язджаюць, але большасць застаецца, бо ім важна наша краіна, ім цікавы той рэпертуар, які ёсць у нас. І да нас нават едуць з-за мяжы (у нас працуюць французы, японцы, расійскія і ўкраінскія артысты), бо мы можам забяспечыць той прафесійны ўзровень, які прываблівае артыстаў.

Партыя Вацлава ў спектаклі «Бахчысарайскі фантан».

Партыя Вацлава ў спектаклі «Бахчысарайскі фантан»

Цаню тых, хто застаецца

— А калі казаць пра рэпертуар, то якім шляхам тут варта ісці: арыентавацца на запыт гледачоў ці ўсё ж такі імкнуцца выхоўваць публіку мастацтвам?

— Гэта дзве крайнасці, якія ўвесь час змагаюцца, як дабро са злом. І я лічу, што ў фарміраванні репертуару павінны прысутнічаць абодва кірункі. Трэба рабіць нейкія рэчы для гледача, але не паступаючыся якасцю. А нейкія спектаклі, можа, не будуць мець такога эфекту на публіку, але затое прымусяць яго задумацца, адчуць нейкія тонкія рэчы.

— Гастролі… Раскажыце, якія з паездак пакінулі найбольш яркія ўспаміны і ці адрозніваецца публіка ў розных краінах свету?

— Галоўная перавага балету ў тым, што ён гаворыць мовай цела і ніколі не патрабуе перакладу. Мы з гастролямі аб'ехалі паўсвету. Напрыклад, я ўпершыню трапіў у Кітай у 90-я, а потым быў там яшчэ разоў пятнаццаць і мог назіраць, як за гэты час змянілася ўсё ў краіне. Індыя, Паўднёвая Афрыка, Японія… А Еўропу дык аб'ехалі ўсю і па некалькі разоў. Памятаю, прыехалі ва Улан-Батар (Манголія), а там у балетнай трупе ўсе тыя, з кім мы ў свой час вучыліся ў Ленінградзе. Атрымалася сустрэча даўніх сяброў. Альбо прыехалі ў Індыю даваць спектакль у горадзе Кулу (правінцыя ў Гімалаях), дзе непадалёк жыў Мікалай Рэрых. Гэтае пасяленне знаходзіцца высока ў гарах, а мы паказвалі балет у даліне. На яго сабраліся людзі з усяго наваколля. Ужо з раніцы ўсе схілы гор былі заняты гледачамі. Гэтыя людзі ўпершыню глядзелі балет, і калі я рабіў нейкую падтрымку, то чуў, як яны ўсхвалявана рэагавалі. І такія моманты даюць проста неверагодныя эмоцыі артысту. Тады пачынаеш сур'езна ставіцца да сваёй прафесіі.

— Вас радуе, што ваш сын стаў юрыстам, а не пайшоў па вашых слядах?

— Я не бачыў у яго схільнасці да гэтай прафесіі, і ён сам не хацеў, таму не настойваў на выбары. І мне насамрэч не так важна, чым займаецца чалавек, — галоўнае, каб быў вынік. Напрыклад, майму ўнуку 10 гадоў, і ён займаецца гольфам. І падае добрыя надзеі, нават удзельнічае ў спаборніцтвах з дарослымі. Бацькі даюць яму выбар, і калі дзіця мае да гэтага спорту інтарэс, то чаму б і не? Думаю, так і павінна быць у кожнага.

— У вас як у творчага чалавека з гадамі погляды на каханне і сяброўства змяніліся?

— Вядома. У юнацтве было шмат эмоцый. А потым з узростам пачынаеш разумець, што не ўсякая закаханасць ёсць каханне. Бо ў ім трэба яшчэ, каб дадаткова была павага, станоўчая ацэнка іншага чалавека. Вось мы з жонкай пражылі разам 32 гады і ні разу не пасварыліся. Бо імкнёмся слухаць і чуць адно аднаго. А што датычыцца сяброў, то скажу шчыра — я не ўмею сябраваць. І цяпер у жыцці засталіся толькі тыя людзі, якія прымаюць мяне такім, які я ёсць. Са мной няпроста, але я цаню тых, хто застаецца, нягледзячы ні на што.

— Яшчэ вось цікава, ці не змяншаецца вага ўсіх узнагарод і званняў артыста пры жыцці ў параўнанні з тым, калі яго імя ўжо ўпісана ў гісторыю мастацтва?

— Я вам адкрыю адну таямніцу. Званні — яны важныя, бо грэюць душу, гэта найвышэйшая ацэнка тваёй працы народам, краінай. Аднак хоць гэта і знак павагі, але ён не галоўны, бо я ведаю многа артыстаў, якія не змаглі атрымаць званні, узнагароды, хоць і заслугоўвалі іх. Разам з тым любое званне абавязвае трымаць пэўны ўзровень прафесіяналізму. Ніколі не забуду, як у мяне ўсё трымцела ўнутры, калі мяне, маладога артыста, на канцэрце аб'явілі «выступае заслужаны артыст»! Тады я адчуў, наколькі гэта адказна.

— Што вам дапамагае перазагружацца і адпачываць ад працы?

— Люблю праводзіць час у адзіноце на дачы. Жонка здзіўляецца, як я тры дні сяджу сам і не вар'яцею. А мне падабаецца, што маю магчымасць ад усяго адключыцца, чытаць, нешта майстраваць. Я, ведаеце, рукамі шмат усяго рабіць умею. І мэблю магу зрабіць, і машыну заўсёды сам рамантую… Мне проста цікава спрабаваць штосьці новае, чаго я не ведаю.

— А ёсць нешта, чаго не паспрабавалі і цяпер шкадуеце?

— Шмат чаго я ў жыцці не паспрабаваў. Вось глядзіце, я танцаваў практычна ўсе вядучыя ролі ў нашым рэпертуары, самыя розныя. Аднак усе — станоўчыя.

Я нават не праяўляў цікавасці да адмоўных герояў. А калі пачаў выкладаць, то раптам зразумеў, наколькі яны цікавыя. Яны складаныя, але даюць бязмежную прастору для творчасці артыста. І я вельмі пашкадаваў, што нават не паспрабаваў сябе ў ролі адмоўнага героя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?