Відаць, цяпер самая ўдзячная аўдыторыя Свабоднага тэатра — гэта дзеці. Сёння яны рагаталі гучней за ўсіх, калі ў шахматным дворыку на вуліцы Асіпенкі адбыўся чарговы паказ падладжанага пад вуліцу камедыйнага спектакля паводле Хармса. У двары, абраным для імпрэз у тым ліку з-за таго, што да яго складана пад’ехаць на бусах і аўтазаках, чарговы раз сабраліся дзясяткі людзей — глядзець пастаноўку, піць гарбату з бел-чырвона-белым тортам і камунікаваць адно з адным.

Для відовішча, аказалася, шмат не трэба — тры крэслы ды пара рэчаў рэквізіту. Роўна а сёмай гледачы цалкам абступілі імправізаваную сцэну, і акцёры Свабоднага з важкай доляй імправізацыі разыгралі для іх некалькі камедыйных сцэн. Куды трапілі следчы, чалавек у балаклаве, ціхар з відэакамерай ды Таракан Тараканыч з аўтаматам у руцэ. Усё па каноне «раніцай у газеце — вечарам у куплеце»: тут іранічна высмеялі інтэлект прадстаўнікоў сілавых структур і расказалі пра Ягора Ягорыча, якога звезла хуткая, бо ў яго нешта з галавой. А белая прасціна з крывавай плямай сыграла як бел-чырвона-белы сімвал, які проста павінен быць.

Гэта ўжо другая сустрэча ў шахматным дворыку: тыдзень таму тут выступілі спявачка Lear і беларуская Верка Сярдзючка, пра якую госці пыталіся, сапраўдная яна ці не. Арганізатараў імпрэз у шахматным дворыку некалькі дзясяткаў. Яны пазнаёміліся ў Telegram-чаце раёна: «Напачатку мы пабойваліся адно аднаго: раптам нехта правакатар ці схаваны «ябацька», ты яму раскрыешся, а ён табе нож у спіну, — смяецца адна з арганізатарак. — Урэшце мы зразумелі, што знаходзімся на адной хвалі, і сталі абмяркоўваць, што можам зрабіць сумеснымі намаганнямі».

Суразмоўца кажа, што арганізаваць першае мерапрыемства было складана: артысты папросту адмаўляліся — баяліся і часта адгаворваліся тым, што не могуць. Тым не менш сустрэча з Lear і Сярдзючкай атрымалася «настолькі крутой», што каманда вырашыла рабіць другую імпрэзу.

Запрасіць Свабодны тэатр ужо было няцяжка, больш за тое — акцёры кажуць, што будуць іграць у дварах, пакуль дазваляе надвор’е і пакуль людзі збіраюцца. Сёння пасля пастаноўкі іх задарылі кветкамі, як пасля поўнамаштабнага выступу на сапраўднай сцэне, хоць сцэна тут, канешне, была незвычайнай: спектакль іграўся на траве, пад расцягнутымі паміж дрэвамі ліхтарыкамі і з дзецьмі, што раз-пораз на яе забягалі. «Калі мы паказваем гэты спектакль у сябе ў тэатры, ён напалову складаецца з імправізацыі, а ў дваровым фармаце можна абсалютна адпусціць сябе і напоўніцу праявіць фантазію з улікам умоў, у якіх мы жывём», — кажа адзін з выканаўцаў. «Як вас можна падтрымаць?» — хутка падыходзяць да акцёраў гледачы.

«Гэта акультурвае: мы даўно збіраліся ў тэатр, але нешта ўсё было не да гэтага, а тут тэатр побач, гэта неверагодна», — дзеліцца жыхарка дома непадалёк. Яна прыйшла сюды не адна і нават не сям’ёй, а домам — суседзі раззнаёміліся ў апошні час і сталі кампаніяй сяброў, якія дзеляцца яблыкамі і пірагамі з гэтых яблыкаў. «Мне падабаецца згуртаванасць і святочная атмасфера, — кажа яе суседка. — Сапраўды ўражвае, як людзі ўсё гэта арганізавалі, прадугледзелі асобную пляцоўку для дзяцей — дзеці ўвогуле шчаслівыя, мой сын не мог дачакацца, калі я прыйду з працы і мы пойдзем на спектакль».

На пастаноўку прыйшлі як жыхары раёна, так і госці з дворыка Плошчы перамен, якія прыхапілі з сабой падарункі і адмысловы торт. «Гэта падтрымлівае ў такія цяжкія часы: кожны вечар дае зарад пазітыўных эмоцый, — расказвае госця. — Шкада, што мы не рабілі такіх сустрэч раней. Магчыма, калі б мы не сядзелі па кватэрах, не дапусцілі б да такой агіднасці сваю краіну. Цяпер людзі розных узростаў, прафесій і інтарэсаў — усе аб’яднаныя, і калі некаму патрэбна дапамога, мы ведаем, што заўсёды можам аб ёй дамовіцца. Я бачыла, як на адной з дваровых імпрэз дзядуля назіраў за дзецьмі, што танцавалі пад музыку, — у яго на вачах выступілі слёзы і ён сказаў: «Гляджу на іх і зайздрошчу: яны вырастуць свабоднымі».

Госці шахматнага дворыка павячэралі — стол быў поўны смакотаў, якія прынеслі мясцовыя жыхары, — пагутарылі з артыстамі, праскандавалі «Жыве Беларусь», і большасць з іх накіравалася на наступнае дваровае мерапрыемства. Гэтым разам на Плошчы перамен.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

1
Самый старший брат / Адказаць
01.10.2020 / 23:35
Класс !!!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру