Лукашэнка выказаўся аб сваёй інаўгурацыі, што прайшла сёння ў Палацы Незалежнасці. Загадзя яна не абвяшчалася.

«У гэты ўрачысты дзень прэзідэнт дае клятву на вернасць Айчыне і народу з асаблівым пачуццём. У ім вельмі шмат гордасці за беларусаў, якія з гонарам прайшлі выпрабаванні на трываласць, перш за ўсё, сваіх перакананняў.

Дзень уступлення на пасаду прэзідэнта — гэта дзень нашай з вамі перамогі, пераканаўчай і лёсавызначальнай. Мы не проста выбіралі прэзідэнта краіны — мы абаранялі нашы каштоўнасці, наша мірнае жыццё, суверэнітэт і незалежнасць. І ў гэтым плане нам трэба будзе яшчэ нямала зрабіць», — піша БелТА.

«Калісьці Божым провідам народ Беларусі лёгка і, скажам проста, нечакана здабыў сваю незалежнасць. І мы доўга ўспрымалі яе як дадзенасць. Часам не шанавалі. Сёння ж, выпакутаваўшы гэтую перамогу, мы падняліся на новую прыступку самасвядомасці. Астыўшы ад гарачкі электаральных баталій, убачылі, як сталее ўся наша нацыя. І хай Беларусь па сусветных мерках зусім маладая незалежная дзяржава, але беларусы як нацыя ўжо не дзеці, мы — народ», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што, знаходзячыся на краі сусветнага крызісу, неабходна вярнуць краіну да бяспечнага жыцця, якое было ў рэспубліцы заўсёды, прыйсці да згоды дзеля будучыні. «І мы гэта зробім. Я не магу, не маю права кінуць беларусаў, якія звязалі з дзяржаўным курсам не толькі палітычныя перавагі, але і свой лёс, будучыню сваіх дзяцей, усіх, хто ў такі складаны для Беларусі перыяд застаўся верны краіне і народу. Гэта тыя, хто гераічна супрацьстаяў пагрозе пандэміі, выяўляючы свае лепшыя прафесійныя і чалавечыя якасці, хто збярог здаровы розум ва ўмовах дэзарыентацыі грамадства. Дзяржаўныя служачыя і людзі ў пагонах праявілі стойкасць, мужнасць і маналітнасць», — адзначыў Лукашэнка.

Ён перакананы, што гэта быў не толькі службовы абавязак, але і свядомы выбар. «Калі шчыра, я ўбачыў людзей у справе, зразумеў, што не толькі мяне, але і наш народ атачаюць патрыёты», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0