21 верасня жыхарка Салігорска Таццяна Бушкевіч выйшла да праходнай рудніка, каб падтрымаць шахцёра, які адмаўляўся выходзіць на паверхню ў знак пратэсту. 

Чытайце таксама:
Шахцёра, які адмовіўся выходзіць на паверхню, паднялі з шахты

У выніку тых, хто падтрымліваў, затрымаў АМАП. Пры затрыманні Таццяна, каб не паказваць тэлефон сілавікам, разбіла яго ў іх на вачах. «Нашай Ніве» жанчына расказала, што ў рамонце з яе не ўзялі грошы, калі даведаліся пра сітуацыю, і бясплатна выдалі іншы тэлефон на час рамонту. 

«Учора апоўдні мы стаялі каля прахадной і чакалі навін ад шахцёра. Праз нейкі час на нас пачалі бегчы людзі ў чорным: напэўна, амапаўцы», — расказвае Таццяна. 

— Першым схапілі нейкага мужчыну, скруцілі і закінулі ў бус. Я падбегла да яго. Але я вельмі маленькага росту, таму мяне гэтак жа схапілі і закінулі ў бус. Яшчэ і каленам нейкі амапавец па галаве даў, а з пальца чамусьці кроў у мяне ішла. У бусе сілавікі на мяне крычалі, каб я не запэцкала ім машыну ўнутры. Мяне закінулі каля самага ўваходу ў бус як мяшок бульбы і пачалі кідаць на мяне людзей. 

А ў мяне дзіця ў першым класе вучыцца. Я падумала, што пакуль на мяне скідаюць астатніх, патэлефаную сваёй маме, папярэджу і пра сябе, і пра дзіця. Але амапаўцы пачулі, што я размаўляю праз тэлефон. Падышлі да мяне, сказалі разблакаваць яго. А ў мяне там было шмат здымкаў і відэа з пратэстаў, таму вырашыла лепш нічога ім не паказваць і разбіць тэлефон у іх на вачах. 

Спачатку я зрабіла выгляд, што збіраюся сапраўды яго разблакіраваць, а потым ударыла па першай жалязяцы, якую ўбачыла. І аддала амапаўцам разбіты тэлефон: «Забірайце». Яны, канечне, здзівіліся. Мне і самой тэлефон шкада, бо я яшчэ за яго крэдыт выплачваю. 

У Салігорскім РАУСе нас трымалі каля чатырох гадзін. У выніку мяне выпусцілі без пратакола, проста папярэдзілі пра нібыта забароненую сімволіку і несанкцыянаваныя мерапрыемствы.

І нават тэлефон вярнулі. Я адразу ж вырашыла занесці яго ў рамонт: падумала, можа, з ім можна што-небудзь зрабіць. Хлопцам у салоне я патлумачыла абставіны, пры якіх тэлефон разбіўся. І тады яны прапанавалі заплаціць толькі за саму дэталь ад тэлефона, а сам рамонт, сказалі, бясплатна зробяць».

Колькі давядзецца заплаціць у выніку, Таццяна пакуль не ведае, бо тэлефон яшчэ рамантуюць. Але ў гэтым жа салоне на замену старому тэлефону жанчыне выдалі іншы, каб у яе хаця б быў нейкі сродак сувязі. І таксама бясплатна. 

«Назву салона толькі называць баюся, бо прыйдуць да рабят, пачнуць іх прэсаваць. А яны ж сапраўды дапамагаюць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?