Каля тысячы чалавек узялі ўдзел у Маршы справядлівасьці ў Горадні 20 верасьня. Дзясяткі чалавек затрымалі, у тым ліку цяжарную жанчыну на позьнім тэрміне і доктара гісторыі Алеся Смаленчука, піша «Свабода».

Марш пачаўся на Савецкай вуліцы. Сотні чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі сабраліся каля 14-й гадзіны вакол вулічнага сьпевака ў лацінаамэрыканскім строі. Яму пляскалі, танцавалі пад ягоныя сьпевы, скандавалі «Жыве Беларусь». Міліцыянты папярэдзілі, што мерапрыемства недазволенае. Сярод пратэстоўцаў былі пажылыя людзі, работнік у форме «Гродна Азот».

Урэшце калёна рушыла ў бок плошчы Леніна. Неўзабаве спынілася і павярнула ў адваротны бок, дзе ўжо перакрылі шлях амапаўцы. Тады пратэстоўцы павярнулі з Савецкай вуліцы на вуліцу Вялікую Траецкую. Там рух рэгуляваў супрацоўнік ДАІ і заварочваў усе машыны на паркоўку. Пратэстоўцы выйшлі на праезную частку перад тралейбусам і занялі ўвесь праезд. У канцы вуліцы іх ужо чакалі амапаўцы.

Калёна спынілася. Людзі працягвалі скандаваць «Жыве Беларусь», «Гэта наш горад», «Верым, можам, пераможам». Некаторыя спрабавалі абысьці ачапленьне дварамі.

Неўзабаве да пратэстоўцаў пад’ехалі аўтазакі, таніраваныя мікрааўтобусы. Амапаўцы пачалі жорстка затрымліваць людзей.

Адной зь першых схапілі цяжарную жанчыну Вераніку на 30-м тыдні. Яна крычала, што цяжарная, аднак яе цягнулі па зямлі. Пазьней яна расказала, што яе пасадзілі ва аўтазаку ў цесную каморку, там не хапала паветра. Іншыя заступіліся за яе, каб ёй далі падыхаць. Неўзабаве жанчыну адпусьцілі.

Двое мужчын, якіх несьлі ў аўтазак за рукі і за ногі, выглядалі так, нібыта страцілі прытомнасьць. Аднаго зь іх вырашылі не затрымліваць, а проста пакінулі на зямлі каля аўтазакаў. Падышлі мэдыкі з Чырвонага крыжа, потым яго забрала хуткая. На выгляд мужчыну было 35—40 гадоў. Потым ён ачуняў і пасьпеў сказаць, што ў яго здарыўся гіпэртанічны крыз.

Аднаго з пратэстоўцаў, які стаяў асобна ад калёны і абураўся затрыманьнямі, схапіў начальнік горадзенскага АМАПу Віктар Краўцэвіч у цывільным адзеньні і сам зацягнуў у аўтазак. Затрымалі таксама доктара гісторыі, прафэсара Алеся Смаленчука.

Усяго схапілі некалькі дзясяткаў чалавек.

Пасьля гэтага калёна прыкладна з сотні сілавікоў пачала адцясьняць пратэстоўцаў з цэнтру. Людзі разышліся. Пазьней гарадзенца Ўладзімера Сколышава выцягнулі зь ягонага аўтамабіля на вуліцы Горкага. Разьбілі яму вокны. Прычына затрыманьня невядомая.

Потым пратэстоўцы спрабавалі дамовіцца аб новым месцы збору, аднак міліцэйская тэхніка, у тым ліку вадамёт, зьяўлялася там раней за дэманстрантаў.

На месцы затрыманьняў, як заўжды, прысутнічалі намесьнік начальніка УУС Горадзенскага аблвыканкаму Віталь Стасюкевіч і начальнік горадзенскага АМАПу Віктар Краўцэвіч.

Урэшце некалькі дзясяткаў чалавек прыйшлі пад кінатэатар «Кастрычнік». Да іх пад’ехалі міліцэйскія аўтобусы. Аднаго падлетка затрымалі, бо ён адмовіўся разблякаваць тэлефон.

Сваякі затрыманых чакаюць пад Ленінскім РАУС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?