Андрэя Новікава затрымалі 6 чэрвеня ў вёсцы Прусы, што ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці. Там ён жыве з жонкай і дзвюма дочкамі. Затрымалі Андрэя за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую, які палічылі несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам. Ужо больш за тры месяцы мужчына сядзіць у СІЗА №1 у Мінску, дзе і сустракае сёння сваё 50-годдзе.

Андрэй Новікаў. Фота: Радыё Рацыя

«Наша Ніва» звязалася з роднымі палітвязня, каб даведацца пра яго жыццёвы шлях і маральны стан пасля трох месяцаў за кратамі.

«Я пісаў яму неяк за краты: «Ну як ты, брат?» А ён мне адказваў: «Усё будзе добра, брат»

Андрэй Новікаў — грамадзянін Расіі. Але па паходжанні беларус, нарадзіўся ў мястэчку Варапаева. Маці Андрэя расказвае, што пасля школы сын паехаў вучыцца і служыць ва Усурыйск. Там ён стаў палкоўнікам міліцыі. Два разы ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях у Чачне. У Расіі прабыў да самай пенсіі.

Але пяць гадоў таму, пасля выхаду на пенсію, вырашыў вярнуцца ў Беларусь.

«Цягнула яго да радзімы, — расказвае нам яго стрыечны брат Сяргей Мартыненка. — Тым больш у яго бацькі хворыя, у абаіх анкалогія. Андрэй тады набыў хату ў вёсцы Прусы, праз агарод са сваім родным братам. Купіў трактар, заняўся гаспадаркай. На пенсіі займаўся таксама рыбалкай і паляваннем. Летам падпрацоўваў ахоўнікам у рыбгасе».

Родныя кажуць, што па вяртанні ў Беларусь Андрэй вельмі хваліў уладу: маўляў, у параўнанні з Расіяй тут вельмі добра: «І зямлю даюць! Як гэта можа не падабацца?» 

Трохі пажыўшы тут, паглядзеўшы навокал, мужчына змяніў свае погляды. Першы раз сілавікі яго заўважылі, калі ён расказваў у стрыме Ціханоўскага пра мястэчка Варапаева, дзе дагэтуль жывуць яго бацькі. 

Пасля ён ужо збіраў подпісы за Ціханоўскую. Група супрацоўнікаў міліцыі затрымала Новікава 6 чэрвеня. 12 чэрвеня Новікаву прад'явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). Па гэтым жа артыкуле прад'яўленыя абвінавачванні затрыманым пасля інцыдэнту ў Гродне Сяргею Ціханоўскаму і яго паплечнікам.

«Калі яго затрымалі, я ўсё адно ведаў, што ён займаўся законнай справай. Ён быў акрэдытаваны, у яго былі ўсе неабходныя дакументы на руках. Гэта зараз я ўжо бачу поўнае беззаконне. А тады ўсё ж думаў, што гэта ўсё незур’ёзна — проста запужваюць. Да апошняга спадзяваўся, што ўсё выправіцца. А калі з’явіўся крымінальны артыкул па ім, то стала зразумела, што гэта не проста застрашванне», — успамінае Сяргей. 

Сяргей расказвае, што Андрэй — чалавек нешматслоўны і заўсёды робіць усё сумленна, бо ведае закон:

«Я пісаў яму неяк за краты: «Ну як ты, брат?» А ён мне адказваў: «Усё будзе добра, брат».

«Мы ведалі, што пагоды ён не зробіць» 

Маці Андрэя Галіна Афанасьеўна расказала «Нашай Ніве», што плача па сыне з самага лета: 

«Піша мне адно і тое ж: «Усё добра, сяджу. Ніякага расследавання. Калі пытаюся пра нешта, кажуць: «Ты што, самы разумны?»

Ён усюды патрабуе справядлівасці і законнасці з самага дзяцінства. Паўсюль у яго парадак. Адзінае толькі: пяць разоў быў жанаты, ад кожнага шлюбу ў яго дзіця — чатыры дачкі і сын. Двое з ім жывуць у Беларусі, трое ў Расіі. У дваіх з пяці дзяцей інваліднасць». 

Маці расказвае, што кожную жонку Андрэй з ёй знаёміў, дзеці прыязджаюць да яго на лета, а ён да іх у Расію. 

«Ну вось не атрымліваецца ў яго з гэтымі бабамі! Ну не ведаю. Але ён нічога дрэннага не вытварае. Развядзецца — і толькі потым знаёміцца з новай жанчынай. А дзецям усім выплачвае аліменты: у яго і пенсія добрая, і кватэру ён ва Усурыйску здае». 

Да таго, што сын пайшоў у палітыку, Галіна Афанасьеўна ставіцца кепска. 

«Мы ведалі, што пагоды ён не зробіць. Мы з ім спрачаліся, калі ён пайшоў у падтрымку Ціханоўскага, а ён адказваў: «Мама, я нічога супрацьзаконнага не раблю». А ў нас жа і няма законаў! 

Мы з мужам ніколі за Лукашэнку не галасавалі, бо ніколі не верылі яму. У гэтым годзе, канечне, галасавалі за Ціханоўскую, каб сына падтрымаць».

Галіна Афанасьеўна кажа, што ніколі не думала, што будзе так сустракаць юбілей сына: 

«Плачу ўвесь дзень. Мяне віншуюць, а я плачу. Памятаю, калі ён казаў, што займаецца гэтым, бо хоча, каб усе жылі добра. А я і казала: «А ўсе, відаць, не хочуць жыць добра, калі ў краіне такое адбываецца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?