Амбасадар Польшчы 17 верасьня ўручыў Праваабарончаму цэнтру «Вясна» прэстыжную польскую прэмію «Арол Яна Карскага» — «за шматгадовую абарону правоў чалавека, годнасьці і дэмакратыі», піша «Радыё Свабода».

Кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі заявіў, што ўручэньне гэтай важнай прэміі праходзіць у цяжкі час для ўсяго беларускага народу і зьяўляецца маральнай падтрымкай для беларускіх праваабаронцаў, грамадзкіх актывістаў і тых соцень тысяч людзей, якія цяпер, рызыкуючы сваімі жыцьцямі і свабодай, адчайна змагаюцца за дэмакратыю і незалежнасьць.

«Для гэтага і стваралася «Вясна», каб у такія крытычныя моманты аказваць максымальную дапамогу беларускім грамадзянам і ўсім, хто аказаўся ў цяжкой сытуацыі пры нашым рэжыме.

Той узровень рэпрэсій, які цяпер адбываецца, надзвычай высокі, нічога падобнага мы ня бачылі.

Толькі сёньня па адміністрацыйных справах каля тысячы чалавек знаходзяцца ў турмах Мінска і Жодзіна, некалькі сотняў чалавек, арыштаваных на дэманстрацыях у мінулую суботу і нядзелю, ва ўсе мінулыя дні, знаходзяцца ў турмах. Больш за 250 чалавек знаходзяцца зараз у СІЗА ці зьяўляюцца падазраванымі пад падпіскай па крымінальных справах.

Мы цяпер перажываем сапраўдную прававую і цывілізацыйную катастрофу, калі зачыняюцца тэатры, разганяюцца цэлыя працоўныя калектывы, аказваецца ціск на рэлігійную частку нашага грамадзтва, найперш на каталікоў», — заявіў Бяляцкі.

Бяляцкі вітаў рэзалюцыю Эўрапарлямэнту па Беларусі, якая была ўхваленая 17 верасьня.

«Уся магчымая геапалітычная дапамога, у якой мае патрэбу беларускі народ, яна вельмі важная цяпер. Можа, празь месяц гэта будзе нешта іншае, але менавіта зараз, калі адбываецца такая катастрофа, калі ўзброеныя да зубоў спэцатрады тэрарызуюць беларускае грамадзтва, нам патрэбна хуткая дапамога, якая патрэбна менавіта сёньня, ня заўтра і не пасьлязаўтра. Таму прашу, каб вы разам з намі, улічваючы сытуацыю, прыклалі ўсе намаганьні, каб спыніць гэтую хвалю рэпрэсій, якая абрынулася на Беларусь», — гэтак зьвярнуўся Алесь Бяляцкі да амбасадараў Польшчы і іншых краін Эўразьвязу, якія былі на цырымоніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0