Наташа Лубнеўская сёння нарэшце выходзіць з бальніцы. Фота Дар'і Буракінай, TUT.by

Наташа Лубнеўская сёння нарэшце выходзіць з бальніцы. Фота Дар'і Буракінай, TUT.by

«38 дзён у бальніцы — такую прэмію мне выпісала дзяржава за маю працу журналістам.

Ні выбачэнняў, ні крымінальнай справы на стралка, ні, прасцігоспадзі, кампенсацыі. Увогуле то гэта была мая любімая пара джынсаў і адзіная — ног, — піша Наташа Лубнеўская.

Я часам думаю пра таго байца і задаюся пытаннем «навошта?». Няўжо гэта тая гісторыя, якой можна пахваліцца перад пацанамі? Што папаў з 10 метраў у бяззбройную дзяўчыну, якая нават не бачыла, што ў яе страляюць?

Сваю траўму перажываю, як і іншыя беларусы, — праз гумар (бо страх не дапамагае, а правасуддзе скончылася). У маёй сям’і цяпер мем, што ад паездкі на бульбу выратуюць толькі кулі.

Дзякуй усім калегам і сябрам, знаёмым і незнаёмцам, арганізацыям і валанцёрам! Без вашых цёплых слоў і падтрымкі было б цяжка. Ну і ў апёкавым аддзяленні бальніцы хуткай дапамогі класныя дактары і медсёстры. Шкада, што мае падаткі ідуць на прэміі амапаўцам, а не ім», — падсумоўвае Лубнеўская.

* * *

Нагадаем, што журналістку «Нашай Нівы» Наталлю Лубнеўскую паранілі гумавай куляй 10 жніўня.

У той вечар на вуліцы Кальварыйскай у Мінску, дзе праходзіла мірная акцыя пратэсту, з'явіліся дзясяткі байцоў — меркавана, «Алмаза» (антытэрарыстычнага спецпадраздзялення МУС). У суседніх дварах якраз знаходзіцца база «Алмаза».

Адзін з байцоў спыніўся за 10 метраў ад групы журналістаў у сініх камізэльках «Прэса» і прыцэльна стрэліў з агнястрэльнай зброі па Наталлі.

Гэта не быў выпадковы інцыдэнт — як відаць на відэа, якое аказалася ў распараджэнні «Нашай Нівы», баец наўмысна страляў па журналістцы.

Увага! У канцы відэа дэманструецца адкрытая рана.

Наталля Лубнеўская напісала заяву з патрабаваннем завесці крымінальную справу па факце нанясення ёй цялесных пашкоджанняў. Першы раз сілавікі ўзялі ў яе тлумачэнні 12 жніўня, другі раз — 21 жніўня. Рэдакцыя перадала следчым відэа, на якім добра відаць стрэл.

Аднак крымінальная справа не заведзеная да гэтага часу.

«Тэрмін праверкі працягнуты на месяц», — паведамілі Наталлі Лубнеўскай у Фрунзенскім раённым аддзяленні Следчага камітэта. А работнікі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, якія аглядалі рану, заявілі, што канчатковае заключэнне будзе гатова, толькі калі Наталлю выпішуць з бальніцы.

«Наша Ніва» заклікае праваахоўныя органы сумленна і адказна падысці да выканання сваіх абавязкаў. Ідэнтыфікаваць чалавека з відэа, які, парушаючы закон, страляў па журналістцы, — нескладаная задача для сілавікоў. Яе вырашэнне залежыць толькі ад волі кіраўніцтва Следчага камітэта, Міністэрства ўнутраных спраў і астатніх сілавых структур.

Будзем удзячныя, калі грамадскасць, сведкі, цяперашнія ці былыя байцы сілавых структур дапамогуць ідэнтыфікаваць гэтага чалавека.

Баец, які страляе па мірных грамадзянах, мусіць панесці адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам:

  • Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў, спалучанае з ужываннем зброі, караецца зняволеннем на тэрмін да 10 гадоў.
  • Наўмыснае нанясенне менш цяжкага цялеснага пашкоджання (якое не ўяўляе небяспеку для жыцця, але выклікала працяглае расстройства здароўя на тэрмін да чатырох месяцаў), здзейсненае агульнанебяспечным спосабам караецца зняволеннем на тэрмін да 5 гадоў.
  • Перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста караецца зняволеннем на тэрмін да 3 гадоў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0