15 верасня, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Балеснай, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, якога 31 жніўня не пусцілі назад у Беларусь, па просьбе жыхароў вёскі Орля ў Польшчы правёў Імшу на беларускай мове ў мясцовым касцёле, піша catholic.by.

На Падляшшы ў Польшчы, як адзначыў арцыбіскуп, жыве нямала беларусаў, якія стараюцца захаваць сваю культуру, мову і традыцыі. Назвы населеных пунктаў пішуцца на польскай і беларускай мовах; у школах багатая праграма вывучэння беларускай мовы, культуры, гісторыі, традыцый; ёсць беларускія мастацкія гурткі, радыё, тэлепраграмы…

У Імшы ўдзельнічала некалькі дзясяткаў вернікаў, у тым ліку вучні тутэйшай школы.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі заахвоціў прысутных не баяцца цяжкасцяў у жыцці. Ён нагадаў лацінскі выраз Per aspera ad astra — «Праз церні да зорак».

Падчас Імшы таксама маліліся аб мірным вырашэнні грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0