Дзмітрый Пятруша — той самы 37-гадовы кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска, што месяц таму уласнаручна выдзіраў дрот з калонак, з якіх гучала «Перамен».

15 верасня раённы начальнік праводзіў выязны прыём грамадзян. Акрамя гаспадарчых пытанняў, людзей цікавілі і палітычныя.

Чытайце таксама. Гістарычныя кадры. Кіраўнік Цэнтральнага раёна Пятруша спрабуе спыніць «Перамены» ВІДЭА

Большасць грамадзян прыйшлі з праблемамі, якія тычыліся іх кватэр, дамоў, двароў. Тут было ўсё досыць аператыўна: праблему запісвалі намеснікі ці сам Пятруша, затым абяцалі вырашыць у найбліжэйшы час. Падаюць часткі абліцоўкі будынка ў двор? Да канца тыдня абяцаюць разабрацца. Праблема з кандыцыянерамі суседзяў? Будзем намагацца вырашыць тыдні за два.

Але некаторыя жыхары адмыслова прыйшлі, каб пацікавіцца двума момантамі: як збірацца ў дварах і ці маюць яны права вывешваць бел-чырвона-белыя сцягі?

Настасся — адна з тых, хто прыйшоў пытацца пра сцягі і зборы ў дварах. Яна расказвае, што ўвечары ў нядзелю яе затрымалі сілавікі. Дзяўчына пераночыла на Акрэсціна, у панядзелак быў хуткі суд па відэасувязі і вырак: вінаватая. Далі штраф, бо жанчына выхоўвае дзіця адна, і на суткі яе асудзіць не маглі.

Настасся — адна з тых, хто прыйшоў пытацца пра сцягі і зборы ў дварах. Яна расказвае, што ўвечары ў нядзелю яе затрымалі сілавікі. Дзяўчына пераночыла на Акрэсціна, у панядзелак быў хуткі суд па відэасувязі і вырак: вінаватая. Далі штраф, бо жанчына выхоўвае дзіця адна, і на суткі яе асудзіць не маглі.

«Тэлефануюць з ЖЭСа, пагражаюць адказнасцю за сцягі ў вокнах», — распавялі людзі.

Чыноўнік адказаў: сімволіка не забароненая, пытанні, маўляў, узнікаюць толькі калі сцягі вешаюць на фасад.

«Часам закрываюць нават вокны суседзям, яны скардзяцца. Тады мы просім сцягі самім зняць, калі не хочуць, то прыцягваем да адміністратыўнай адказнасці», — сказаў Пятруша.

«Унутры акна можна вешаць?»

«Я пра забарону не чуў, — прызнаўся чыноўнік. — Не чапаем фасад, а дома, калі ёсць жаданне, — калі ласка. Але ж святла будзе менш трапляць».

«На гэта мы згодныя», — адказалі людзі.

Наступнае пытанне: людзі хочуць сустракацца, каб іх не затрымлівалі.

«У нас чат Вяснянкі на 1500 чалавек. Што рабіць, як спакойна збірацца, каб не парушаць закон?» — пытаюцца грамадзяне.

Адказ чыноўніка наступны: дазвол на масавыя мерапрыемствы дае Мінгарвыканкам, туды і трэба звяртацца. Бо ёсць патрабаванні да арганізатара, ёсць адпаведныя вызначаныя месцы, патрэбныя дамовы з міліцыяй, хуткай, ЖЭСам…

«А дзе мяжа паміж дзіцячым святам і масавым мерапрыемствам?»

«Лепш звярніцеся у Мінгарвыканкам», — зноў параіў Пятруша. Па яго словах, тое, што людзі збіраюцца разам, стасуюцца, знаёмяцца, — гэта вельмі добра. Але калі такія зборы «выкарыстоўваюцца для папулярызацыі ідэй пратэсту» — ужо не вельмі.

Ён растлумачыў ужо наступным наведнікам, якіх цікавілі тыя ж пытанні сцягоў і збораў у дварах:

«Калі вы проста збіраецеся з суседзямі, то я толькі «за». Але не трэба пераходзіць мяжу. Я лічу, што калі збіраюцца 50 чалавек, то гэта ўжо масавае мерапрыемства, асабліва калі ёсць нейкі арганізатар гэтага ці вядучы канцэрта. Таму трэба звяртацца ў Мінгарвыканкам і ў адпаведнасці з заканадаўствам падаваць заяўку.

Што тычыцца сцягаў, то я не чуў, каб давалі штрафы за сцягі, што вісяць унутры кватэр. Гэта гістарычная сімволіка, а «Пагоня» увогуле ж у статусе гісторыка-культурнай каштоўнасці. У мяне яна выклікае абсалютна нармальныя асацыяцыі».

Калі людзей а сцягамі і затрымліваюць, растлумачыў Пятруша, то, маўляў, не за «Пагоню», а за ўдзел у незаконных масавых мерапрыемствах.

Дарэчы, і сам Дзмітрый Пятруша трапляў у навіны праз такія мерапрыемствы зусім нядаўна: калі выдзіраў драты з апаратуры «дыджэяў Перамен» у Кіеўскім скверы. Цяпер адна з наведніц адмыслова прыйшла пацікавіцца меркаваннем маладога чыноўніка: ці адэкватна, што юнакоў за песню адправілі на 10 сутак?

«Я разумеў, што з гэтымі хлопцамі маглі як заўгодна працаваць і падгаварыць іх ці падмануць. Таму я сам прасіў пасля таго выпадку, каб не было ніякіх мер, хіба дысцыплінарнае пакаранне, бо яны парушылі працоўную дысцыпліну.

Але іх дзеянні кваліфікавалі як хуліганства, і гэта пацвердзіў суд. Сувымернасць пакарання… Вы мне прапануеце даць ацэнку суду? Я не магу гэтага зрабіць. Але ўжо сёння я разумею, што хлопцы рабілі тое з мэтамі, якія яны рэалізавалі. А карцар, здаецца, даюць не проста так, а за парушэнні».

У цэлым Пятруша стараўся адказваць на пытанні, быў ветлівы з візіцёрамі. Гэта заўважылі і жыхары раёна:

«Сустрэча прайшла карысна, я лічу. Без агрэсіі, без ухілення ад адказаў, я нават не чакала, — падзялілася адна з жанчын. — Але цяпер, атрымліваецца, мы завалім Мінгарвыканкам штодзённымі заяўкамі, каб атрымаць дазвол на зборы ў сваіх жа дварах?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?