У цэнтры Горадні 23 жніўня каля 15 тысяч пратэстоўцаў выказалі сваю нязгоду з сытуацыяй у краіне. Праз радыё пракуратура папярэджвала пра адказнасьць за ўдзел у недазволеных мерапрыемствах, у цэнтры стаялі аўтазакі з амапаўцамі напагатове, аднак нікога не затрымалі, піша Радыё Свабода.

Тысячы гарадзенцаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі сабраліся на Савецкай плошчы. Некалькі чалавек аб’ядналі нацыянальны і дзяржаўны сьцяг на адным тронку. Анархісты да бел-чырвона-белага сьцяга далучылі чорны.

На апаратуру для мітынгаў за некалькі хвілін сабралі больш за 3200 рублёў.

Многія падрыхтавалі ўласныя плякаты з надпісамі: «Досыць гвалту», «У нас ёсьць праца, мы прыйшлі сюды бясплатна», «Я табе не дарую», «Спыніце катаваньні».

Было відаць рабочых у працоўнай форме, работнікаў «Гродна Азот», шмат сем’яў зь дзецьмі, раварыстаў. Побач з плошчай стаялі аўтазакі, напагатове дзяжурылі амапаўцы ў выкладцы з шаломамі. Міліцыя папярэджвала, што мерапрыемства несанкцыянаванае, у адказ дэманстранты пляскалі ў ладкі і выгукалі «Жыве Беларусь!», «Сыходзь!», «Свабоду!».

Людзі сталі на калені, каб ушанаваць памяць загінулых падчас пратэстаў.

З Савецкай плошчы людзі рушылі на плошчу Леніна. Калёнай ніхто не кіраваў. На плошчы Леніна прайшоў мітынг, які сабраў каля 15 тысяч чалавек. Працаваў свабодны мікрафон. Людзі выказваліся ў мэгафон. Усё праходзіла мірна.

Малітвай за памерлых і хвілінай маўчаньня ўшанавалі тых, хто загінуў падчас пратэстаў. Людзі сталі на калені.

Выступоўцы са сцэны адзначылі, што сьвятары розных канфэсіяў іх падтрымліваюць, прыгадалі словы кіраўніка дзяржавы, што палітыцы ня месца ў храмах.

Гарадзенец Павел абурыўся гвалтам з боку міліцыянтаў і публічна выкінуў у сьмецьцевы пакет свой вайсковы білет і пасьведчаньне службы ва ўнутраных войсках Міністэрства ўнутраных справаў.

Рабочыя прасілі падтрымаць іхныя страйкі, казалі, каб гарадзенцы прыходзілі да іхных прадпрыемстваў, бо кіраўніцтва запужвае і прымушае працаваць. Так, работнік «Гроднапрамбуду» заклікаў падтрымаць страйкоўцаў каля будоўлі анкалягічнага цэнтру ў лесапарку Пышкі.

На пытаньне аднаго з выступоўцаў, хто сёньня баяўся выйсьці на плошчу, большасьць людзей паднялі рукі.

«Баяцца — гэта нармальна», — выказаў думку дэманстрант.

Людзі са сцэны дзякавалі за салідарнасьць і падтрымку суседнім краінам. Скандавалі лёзунгі, сьпявалі песьні.

Гук быў досыць слабы. Тым, хто стаяў далей ад сцэны, якой служыў пастамэнт помніка Леніну, было кепска чуваць. Са сцэны абвесьцілі збор грошай на апаратуру для мітынгаў. За некалькі хвілін сабралі больш за 3200 рублёў.

Пасьля мітынгу тысячы людзей рушылі да турмы. Там выгукалі «Свабоду!», «Забірайце Лукашэнку!», «Выпускай!». Іх сыгналамі падтрымлівалі аўтамабілі.

Паступова людзі разышліся. Затрыманьняў не было відаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?