Сёння — дзень нараджэння Гары Потэра, і выдавецтва «Янушкевіч», якое займаецца выданнем раманаў Джаан Роўлінг па-беларуску, анансавала дату выхаду кнігі «Гары Потэр і таемная зала». Гэта другая кніга з серыі пра хлопчыка-чараўніка, у арыгінале твор гучыць як «Harry Potter and The Chamber of Secrets».

Старт продажаў адбудзецца 26 верасня 2020 года ў Доме кнігі «Светач» (г. Мінск, пр-т Пераможцаў 11). Вас будзе чакаць самая выгадная цана на кнігу, а таксама безліч цікавых рэчаў і мерапрыемстваў — конкурсы, фотазоны, сустрэчы з цікавымі людзьмі, абяцае выдавецтва. 

Праз два тыдні на сайце januskevic.by будзе адкрыты папярэдні заказ на кнігу.

Беларускае выданне «Гары Потэра і Таемнай залы» рыхтавала каманда, ужо знаёмая вам, — перакладчыца Алена Пятровіч, рэдактар Ганна Янкута, карэктар Наста Анцімонік, мастачка Крысціна Іванцова.

Вокладку для кнігі намаляваў вядомы амерыканскі мастак Браян Сэлзнік. Беларускае выданне мае калекцыйны характар: калі пакласці дзве кнігі побач, вы ўбачыце, што выява на вокладцы «Таемнай залы» з’яўляецца працягам выявы на першай кнізе. Кнігі пра Гары Потэра ў такім аздабленні ад Браяна Сэлзніка ўпершыню выйшлі ў ЗША да 20-гадовага юбілею першага выхаду знакамітых твораў Джаан Роўлінг.

Раманы пра Гары Потэра пабілі мноства рэкордаў і атрымалі вялікую колькасць узнагарод. Любімая прыхільнікамі ва ўсім свеце серыя кніг Дж. К. Роўлінг была прададзена агульнай колькасцю больш за 500 мільёнаў экзэмпляраў, перакладзеная на больш як 80 моў, па ёй знята восем фільмаў-блокбастараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0