Яны «ненавідзяць Парыж» і спяваюць пра тое, што страх страчаны. Па-беларуску і ў актуальным зараз стылі пост-панк, змешаным з сінці-попам і нью-вэйвам. Гурт «Люты сакавік» (luty sakavik) з'явіўся з жадання музыкаў Уладзя Лянкевіча і Эрыка Арлова-Шымкуса рабіць нешта адрознае ад таго, што яны рабілі раней. За плячыма былі такія праекты, як TonqiXod і Vuraj, і нават яшчэ адзін сумесны — «Эрык і я». Але «Люты сакавік» пакуль пераважыў: не так даўно выйшаў новы альбом гурта пад назвай «Bol Jon Moj».

luty sakavik у поўным складзе: Эрык Арлоў-Шымкус (злева) і Уладзь Лянкевіч. Фота Аляксандры Бабковай. 

luty sakavik у поўным складзе: Эрык Арлоў-Шымкус (злева) і Уладзь Лянкевіч. Фота Аляксандры Бабковай. 

Пра творчасць, каляпалітычныя сэнсы, грошы і ўласны лэйбл «НН» распавёў Эрык Арлоў-Шымкус, які адказвае ў гурце за музычную частку.

Эрык таксама з’яўляецца ўдзельнікам гуртоў Harotnica mix, ili-ili, праекта Вольгі Падгайскай «Five-storey ensemble». Грае ў аркестры Купалаўскага тэатра на кантрабасе і стварае музыку для незалежных тэатральных праектаў (у прыватнасці, супрацоўнічае з беларускім рэжысёрам Юрыем Дзіваковым).

— Праектаў табе, як я разумею, не хапала, таму з’явіўся новы?

— Мне пастаянна ні на што не хапае часу, а я ўпісваюся ў новыя праекты. Відаць, каб яго было яшчэ менш. «Люты сакавік» прапанаваў замуціць Уладзь, калі мы ехалі ў бусе на выступ ва Украіну з «Эрык і я». Гэты праект быў з досыць сур’ёзнымі тэкстамі, а новая задума была ў тым, каб зрабіць нешта больш лёгкае, але пры гэтым чапляла. Ну, і жыло жаданне злавіць халодную хвалю пост-панку, досыць папулярнага цяпер на постсавецкай прасторы. Мы паспрабавалі — зацягнула.

— Пытанне, што праект можа быць не беларускамоўным, нават не разглядалася?

— Тэксты піша Уладзь, які амаль усё жыццё размаўляе па-беларуску, інакш ён і не мог. А я рады ўдзельнічаць у беларускамоўным праекце куды больш, чым калі б ён быў расейскамоўным.

У жыцці я таксама вось ужо шосты год размаўляю выключна па-беларуску. Першая спроба рабіць гэта стала здарылася ў 14 год і хутка правалілася. Не хапіла нейкіх маральных высілкаў: я быў яшчэ малы, вакол — максімальна рускамоўнае наваколле і кпіны наконт таго, што я дапускаю памылкі.

А вось шэсць год таму ўнутраная пад’ёмная хваля дазволіла застацца з роднай мовай. Цяпер я магу перайсці на рускую хіба калі мяне просіць пра гэта чалавек, для каго беларуская — няродная і таму незразумелая. У іншых выпадках, нават у крамах, хай мяне і не разумеюць адразу, у дзяржорганах — усё паўтараю і тлумачу выключна па-беларуску. Толькі калі падаваўся ў выбарчую камісію, адмыслова запоўніў дакументы па-расейску: спадзяваўся, што праз гэта, можа, будзе больш верагоднасці, што мяне возьмуць у камісію як самавылучэнца. Праўда, не дапамагло, як і многім іншым.

— Верыш, што такім чынам вы адсякаеце пэўную аўдыторыю?

— 50 на 50. З аднаго боку, творчасць па-беларуску загадзя менш папулярная: рускамоўных у свеце наўпрост больш. З іншага боку, хапае крутых гуртоў, якія спяваюць на роднай мове. Ісландцам Sigur Rós іх ісландскасць не перашкодзіла стаць вядомымі. 

— Беларусам з рускімі трэкамі «Молчат дома» спачатку трэба было стаць папулярнымі за мяжой, каб пра іх загаварылі на радзіме. Будзеце паўтараць такі сцэнар?

— Ну, так, у беларусаў усё яшчэ жывы комплекс неўспрымання свайго, пакуль нехта з боку не пацвердзіць нашу ж каштоўнасць. Але так адбываецца не заўсёды.

У любым выпадку мы, як і многія беларускія гурты, глядзім на Захад: былі планы на шэраг выступаў, але яны накрыліся праз каранавірус. Так што пакуль мы прасоўваемся праз інтэрнэт. Не так даўно наш кліп на песню «Nienavidžu Paryž» убачыў адзін дыджэй са штатаў — яму так спадабаўся і візуал, і сам трэк, што ён пачаў круціць яго на вечарынах. І такія гісторыі вось здараюцца.

— Вы перамаглі на апошнім «Басовішчы». Лічыце гэта галоўным дасягненнем на дадзеным этапе?

— Асабіста для мяне больш каштоўна тое, што мы запісалі і выдалі альбом. «Басовішча» быў культавым фестывалем, тут няма чаго адмаўляць. І любая перамога неяк падбадзёрвае (тым больш што мы ездзілі на фэст і з праектам «Эрык і я», нічога не ўзялі тады, а тут закрылі гештальт, можна сказаць). Але моцнага выхлапу перамога нам асабліва не дала, на жаль.

На мой погляд, фэст у нейкі момант не змог перабудавацца пад новыя абставіны, знайсці свежую, маладую аўдыторыю, і ад гэтага шмат згубіў. Спадзяюся, што праз нейкі час штосьці зменіцца і «Басовішча» вернецца да нас з новымі сіламі і ў іншым фармаце.

— Удаецца зарабляць музыкай?

— Гэта было маёй марай, і апошнія 4-5 год атрымліваецца. Калі б я выключна сядзеў ва ўмоўным дзяржаўным аркестры, то меў бы ў найлепшым выпадку рублёў 400 — так сабе перспектыва. Часам добрыя грошы прыносіць удзел у тэатральных праектах. У агульны заробак робіць унёсак кожны з праектаў. «Люты сакавік» у тым ліку. Але часам бывае складана: не ведаеш, што цябе чакае па выніках месяца. Асабліва калі на гарызонце ўсплывае такая неспадзяванка, як каранавірус, які ломіць усе планы.

— Сёння многія беларускія музыкі ў сувязі з падзеямі выбарчай кампаніі аб’ядноўваюцца ў рух «КультПратэст», запісваюць песні з палітычнай афарбоўкай, вам гэта не блізка?

— Пакуль у нас не было мэты палітычна выказвацца ў творчасці. Усё ж мы не гурт Brutto, мы не ствараем агіткі. Агітацыяй увогуле займацца не хочацца, бо ты ўсё ж адказны пасля за тых, каго агітуеш. Але я не магу выключаць, што наш лірычны герой захоча выказацца на нейкую палітычную тэму. 

Увогуле, нават наша метафара з песні «Страх», дзе спяваецца «страх страчаны, ты адчуваеш: больш няма страху» можа супадаць з грамадскімі настроямі і пачуццямі. І праз такія метафары нейкія ідэі даносяцца больш элегантна.

— Раскажы яшчэ пра ваш незалежны лэйбл Paliklinika. Чым ён дапамагае сучасным беларускім музыкам?

— Лэйбл стварыў я, калі рыхтаваліся рэлізы ў некалькіх маіх праектах, і я думаў, як іх аб’яднаць. Натхніўся еўрапейскім досведам, дзе існуе шмат дробных лэйблаў, якія збіраюць у пэўную супольнасць блізкіх па духу.

Гэта яшчэ адна спроба дадаткова прасоўваць беларускую музыку. Дапамагаць музыкам рабіць гэта правільна: працаваць са СМІ, дамагацца, каб усе рэлізы выходзілі адначасова на ўсіх музычных пляцоўках. Класна ж, калі пад адным дахам збіраюцца гурты з падобным настроем, у якія падобныя аўдыторыя і мэты — гэта адкрывае дадатковыя магчымасці.

Анлайн-канцэрт «Касіяпеі» ад лэйбла Paliklinika. 

На пачатку пандэміі, дарэчы, мы разам з Уладзем Лянкевічам ды Аляксандрай Бабковай ладзілі серыю хатніх музычных стрымаў, дзе бралі ўдзел гурты лэйбла і іншыя выканаўцы: напрыклад, гурт «Касіяпея» і Сяргей Пукст. Праз стрымы атрымалася пашырыць аўдыторыю: мы паспелі трапіць у хвалю цікаўнасці да такіх фарматаў, плюс кожны гурт «прывёў» на стрым сваіх фанаў, якія потым глядзелі выступы іншых бэндаў.

Даведка: Сёння пад лэйблам Paliklinika працуюць гурты luty sakavik, Harotnica mix, ili-ili, Teleport, SnopSnoŭ, Nite Nite Nite.

У найбліжэйшы час «Люты сакавік» плануе далей эксперыментаваць са здымкамі кліпаў, а сам Эрык марыць запісаць сольны альбом электроннай музыкі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?