Дзяніс Дашкевіч — вядомая ў Рагачове асоба. Ён выдае лакальнае СМІ «Рагачоў анлайн», раней быў заўважным актывістам, членам Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Але ж у 2017 годзе Дашкевіч узначаліў Цэнтр культуры ў вёсцы Паболава: ідэолагі самі прапанавалі яму пасаду. Дзяніс пагадзіўся і, здавалася, ад палітыкі адышоў.

Аказалася, што замоўк Дашкевіч ненадоўга. Сёлета яго абурыла сітуацыя з подпісамі за вылучэнне ў кандыдаты Валерыя Цапкалы. І Дзяніс вырашыў: маўчаць больш не будзе.

Ён адкрыта кажа і пра праблемы ў сферы культуры, і пра сваю падтрымку кандыдатуры Цапкалы. Хаця не хавае: дзяржслужачым кажуць не выносіць на публіку свае палітычныя сімпатыі.

«У ініцыятыўнай групе Цапкалы я не быў, але даўно сачу за ім і яго дзейнасцю. Мне заўсёды імпанаваў яго стыль кіравання ПВТ. І калі я даведаўся, што ён ідзе ў кандыдаты ў прэзідэнты, пісаў пра яго на старонках «Рагачоў анлайн».

Але мясцовае кіраўніцтва аддзела ідэалогіі некалькі разоў папярэдзіла, што непажадана, каб дзяржслужачыя выказвалі публічную падтрымку камусьці з кандыдатаў, акрамя Лукашэнкі. Маю пазіцыю чыноўнікі ведаюць, яна асабліва ніколі не мянялася. І мяне запрашалі на размовы, казалі, каб я не выказваўся публічна, бо займаю кіраўнічую пасаду. Размаўлялі са мною тэт-а-тэт, але ведаю, што на такія размовы выклікалі і іншых работнікаў культуры.

Прамых пагроз не было, але казалі, што могуць быць наступствы. Якія менавіта наступствы, не ўдакладнялася.

Такіх размоў было некалькі. Я адказваў, што Цапкала не прадстаўнік сістэмнай апазіцыі, па сутнасці, ён прадстаўляе ІТ, сферу інфармацыйных тэхналогій. Улічваючы, што я рэдактар анлайн-выдання, фактычна сам працую ў сферы інфармацыйных тэхналогій, то і Цапкала мне сімпатычны ў першую чаргу па гэтай прычыне, а не таму, што я супраць Лукашэнкі. Мне падабаецца сама ідэя развіцця Беларусі як дзяржавы з лічбавай эканомікай.

Некалькі разоў я абазначаў гэтую сваю пазіцыю. Але мяжой стала тое, што ў Цапкалы не прынялі некалькі дзясяткаў тысяч подпісаў. Я бачыў на свае вочы пікеты за Цапкалу ў Рагачове, бачыў, колькі людзей на іх было. І калі паведамілі, што з рагачоўскіх подпісаў прынялі толькі 261, для мяне гэта стала нейкай апошняй кропляй.

Я тады паставіў усіх перад фактам, што буду пісаць і казаць тое, што я хачу, што буду заклікаць людзей абараняць свае подпісы. Калі будуць суды, буду хадзіць падтрымліваць, выступаць сведкам. Бо тое, што ў Рагачове сапраўдны толькі 261 подпіс за Цапкалу, — гэта абсурд».

Але ж колькі ўжо вядомых людзей згубілі дзяржаўную працу пасля пастоў у сацыяльных сетках. Ці не баіцца такіх жа наступстваў Дашкевіч?

«Не баюся. Я гатовы да звальнення. Шчыра кажучы, я думаў і сам, што ўвосень буду ці то сыходзіць з пасады кіраўніка Цэнтра культуры, ці то перавядуся на палову стаўкі. Пакуль канчатковае рашэнне не прыняў, пабачым, што адбудзецца 9 жніўня, да якога маразму далей дакаціцца дзяржава.

Тое, што адбываецца сёння ў сферы культуры, — дэградацыя і поўны развал. Асабліва заўважна гэта стала ў апошні год. Працаваць там творчым людзям становіцца проста немагчыма. Ідуць скарачэнні, якія намагаюцца схаваць, але ж я бачу сітуацыю знутры. У нас сур’ёзны эканамічны крызіс, сур’ёзны дэфіцыт бюджэту ў раёнах, прынамсі ў Рагачоўскім. Беспрацоўе расце шалёнымі тэмпамі, а цяпер яшчэ і вярнуліся гастарбайтары, якія працавалі ў Расіі. Рэальная лічба беспрацоўных у Рагачове — працэнтаў 20, гэта мінімум!

У культуры заробкі таксама мізэрныя. Я як дырэктар зарабляю прыкладна рублёў 550. З іх каля 100 рублёў сыходзіць на дарогу.

Таксама Дашкевіч пісаў у фэйсбуку, што цяпер ідэолагі прыдумалі новую «фішку»: замест дыскатэк у клубах і дамах культуры нібыта будуць праводзіцца «інфармацыйныя вечары». Але, як тлумачыць Дашкевіч, гэта і так, і не так.

«Была планёрка ў аддзеле культуры райвыканкама. Паведамілі, што дыскатэкі праводзіць можна, але ж нельга пісаць, што гэта дыскатэкі. То-бок праводзіцца ўсё тое ж самае, што і было, але ў афішах, аб’явах і дакументах цяпер трэба пісаць, што гэта «інфармацыйна-забаўляльныя вечары», — тлумачыць Дзяніс. — Гэта патлумачылі тым, што трэба перадаць у Мінск звесткі пра пашырэнне формаў працы. Маўляў, праходзяць не толькі дыскатэкі і канцэрты, а яшчэ ідзе і праца ў інфармацыйным полі. Але па сутнасці, гэта паказуха і падмена паняццяў. У нас была якраз эмацыйная гутарка сёння з начальніцай з аддзела ідэалогіі. Я тлумачыў, што трэба назваць рэчы сваімі імёнамі, калі гэта дыскатэка, то так і пісаць. А то тое, што адбываецца ў сферы культуры, пачынае нагадваць Паўночную Карэю».

Да праблем гатовы не толькі ён, запэўнівае Дашкевіч.

«Усе гатовыя. У рэгіёнах закіпае ўсё нашмат сур’ёзней, чым у вялікіх гарадах. Бо незадаволеных — 90%, людзі ў шаленстве. Дзяржслужачыя таксама незадаволеныя: заробкі мізэрныя, дакументаабарот не памяншаецца, а толькі павялічваецца. Апошнія два месяцы ўвогуле нейкі тэрор: колькасць дакументацыі вырасла настолькі, што незразумела, хто чым займаецца. Прычым самі ведамствы дубліруюць працу адно аднаго. Напрыклад, у пасёлках і райцэнтрах ёсць сем’і ў сацыяльна небяспечным становішчы. Імі займаюцца і сацслужбы, і аддзел адукацыі, і аддзел культуры, і міліцыя. Я як кіраўнік Цэнтра культуры не разумею, навошта нам выконваць працу, за якую мусяць адказваць сацыяльныя работнікі. Гэта абсурд. А за кожнае дзіця ў такіх сем’ях трэба адчытвацца штотыдзень, адпраўляючы справаздачу! Гэта нейкая лухта, прынамсі год таму такога не было.

Асобна трэба пісаць справаздачы па непаўналетніх, асобна па працы з пенсіянерамі… Напрыклад, праходзіць канцэрт: як мне палічыць, колькі на ім было пенсіянераў, колькі непаўналетніх, колькі дзяцей з нешчаслівых сем’яў? Як гэта кантраляваць?

Але ж усе вымушаныя пісаць гэтыя справаздачы. Большасць інфармацыі бярэцца проста з галавы. Квітнее сістэма прыпісак. Даходзіць да абсурду: у некаторых населеных пунктах жыве 500 чалавек. І ў іх Доме культуры па паперах нібыта праходзіць 700 мерапрыемстваў за год. А ў наступным годзе трэба ж, каб не ўпалі паказчыкі — адпаведна, наступнай гадавой справаздачы малююць 770 мерапрыемстваў, тыпу на 10% больш.

І даходзіць да таго, што ў некаторых вёсачках нібыта праходзіць аж па 2000 мерапрыемстваў за год!

Людзі там цэлымі днямі толькі сядзяць, запаўняюць паперы, выдумваючы мерапрыемствы, якія нібыта адбыліся.

І так працуе ўся сістэма бюджэтная», — наракае Дашкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?