1) Ніводзін з кандыдатаў у прэзідэнты Польшчы і ніводзін з блізкіх да іх палітычных актывістаў не быў арыштаваны ні перад выбарамі, ні пасля іх.

2) Яўка на выбарах у Польшчы склала 69%. Ніхто там не заганяе на галасаванне і тым больш на датэрміновае галасаванне.

3) Назіральнікі ў Польшчы маюць права сачыць за падлікам галасоў і рабіць копіі пратаколаў.

4) У Польшчы свабодна праводзяцца незалежныя ад дзяржавы сацыялагічныя даследаванні, і праводзяць іх канкуруючыя арганізацыі, якім не трэба для гэтага атрымліваць ліцэнзій у структур, прызначаных дзейным прэзідэнтам. Іх вынікі з дакладнасцю да 1—2% супадаюць з вынікамі выбараў.

5) Выбары ў Польшчы прайшлі ў гарачай палеміцы між кансерватарамі і лібераламі. Палітычная палярызацыя дасягнула максімуму, але ніякіх палітычных рэпрэсій няма.

6) У першай прамове пасля закрыцця ўчасткаў для галасавання прэзідэнт Польшчы запрасіў свайго суперніка з жонкай на сустрэчу ў рэзідэнцыю прэзідэнта.

7) У прэзідэнта Польшчы ўсяго толькі 6 рэзідэнцый, уключаючы будынак Канцылярыі (адпаведнік нашай Адміністрацыі), прытым што Польшча ў 4 разы большая па колькасці насельніцтва за Беларусь.

8) 30 гадоў таму Польшча і Беларусь выходзілі з аднаго сацыялістычнага лагера. Польшча выбрала будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы, Еўрасаюз і дэмакратыю. Аляксандр Лукашэнка пасля 1994 года вярнуў савецкія асновы, стварыў саюз з Расіяй і пабудаваў рэжым асабістай улады. На сёння даход сярэдняй польскай сям'і прыкладна ў 3 разы перавышае даход сярэдняй беларускай сям'і.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?