Стратэгія Швецыі па адмове ад каранціну падчас пандэміі каранавіруса з мэтай выратавання тэмпаў росту эканомікі закончылася правалам. Пра гэта піша Lenta.ru са спасылкай на заяву эканаміста Джэйкаба Кіркегора (Jacob Kirkegaard) з амерыканскага Інстытута сусветнай эканомікі Петэрсана, апублікаваную ў The New York Times.

Па словах даследчыка, праз рашэнне не ўводзіць каранцін дзеля пабудовы ўсеагульнага імунітэту смяротнасць ад каранавіруса ў Швецыі аказалася нашмат вышэйшай за тую, што ў суседніх скандынаўскіх краінах, якія ўводзілі рэжым абмежаванняў, а таксама ў ЗША, якія лідзіруюць па ліку заражэнняў і смерцяў ад інфекцыі ў свеце. Пры пераліку колькасці смяротных выпадкаў на мільён жыхароў аказваецца, што сітуацыя са смяротнасцю ў Швецыі ў шэсць разоў горшая за сітуацыю ў Даніі, у сем разоў — за Фінляндыю, у 12 разоў — за Нарвегію і на 40% горшая за ЗША.

Пры гэтым каралеўства фактычна не атрымала ніякіх эканамічных выгод ад адсутнасці каранціну. Паводле ацэнкі шведскага Цэнтрабанка, ВУП краіны па выніках 2020 года страціць 4,5 працэнта, узровень беспрацоўя ў краіне ўжо падняўся да 9 працэнтаў у маі з 7,1 у сакавіку. Для параўнання, улады Даніі чакаюць, што эканоміка краіны ў бягучым годзе знізіцца на 4,1 працэнта, а беспрацоўе вырасце з 4,1 да 5, 6 працэнта.

Як растлумачыў Кіркегор, прычынай эканамічнага спаду ў Швецыі стала залежнасць краіны ад міжнароднага гандлю. Нягледзячы на адсутнасць каранціну, шведская прамысловасць спынілася разам з прадпрыемствамі ў іншых краінах праз парушэнне ланцужкоў паставак, што было прадказальна з самага пачатку.

Паводле апошняга прагнозу Еўракамісіі, агучанага ў ліпені 2020 года, ВУП Швецыі ў 2020 годзе ўпадзе на 5,3%, ВУП Даніі страціць 5,2%, Фінляндыі — 6,3%. У цэлым эканоміка ЕС знізіцца па выніках года на 8,3%.

Згодна са звесткамі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), на 9 ліпеня 2020 года ў Швецыі, насельніцтва якой складае каля 10 мільёнаў чалавек, налічваецца 73 344 выпадкі інфіцыравання, з якіх 5447 выпадкаў закончыліся смерцю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0