Такія меры засцярогі зробленыя з улікам «няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі», паведамляе выданне «Віцьбічы»
Сёлета служба бяспекі падчас канцэртаў у Летнім амфітэатры цалкам перакрые доступ да сцэны гледачам, якія захочуць павітаць артыстаў, падарыць ім кветкі або сувеніры.
— Мы не можам адмовіць гараджанам у задавальненні прыйсці на канцэрт з кветкамі, але папярэджваем, што магчымасці ўручыць іх артыстам не будзе, - сказаў на брыфінгу дырэктар фестывалю, генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск» Глеб Лапіцкі.
Ён сказаў, што вырашана правесці фестывальную акцыю «Букет дабра» і адкрыць дабрачынны рахунак. На яго можна будзе ахвяраваць грошы, прыгатаваныя на кветкі артыстам. Гэтыя сродкі затым будуць накіраваны на дапамогу дзецям.
Цікава, але згодна з апошнімі заявамі афіцыйных асоб, каранавірус у краіне амаль пераможаны. Учора Мінздароўя налічыла ўсяго 187 выпадкаў.
«Славянскі базар» пройдзе з 16 па 20 ліпеня ва ўсечаным фармаце. Усе канцэрты будуць толькі на адкрытых пляцоўках.