Сёння пенсіянерка Галіна Рубанава ўжо паволі перасоўваецца па кватэры. Каб аднавіцца, кожны дзень імкнецца рабіць гімнастыку, выконваць рэкамендаваныя спецыялістамі практыкаванні. І ўвесь час з падзякай успамінае сваіх выратавальнікаў, піша сайт Витебские вести.

Фота Ларысы Малашэні, «Витебские вести».

Фота Ларысы Малашэні, «Витебские вести».

— Мяне даглядалі як родную. Вялікі дзякуй ад усяго сэрца кожнай санітарачцы, медсястры, доктару, кіраўнікам падраздзяленняў. Гэта сапраўды святыя людзі, — гаворыць Галіна Аляксандраўна.

Сваё выздараўленне яна параўноўвае з цудам. Але за гэтым цудам — найвышэйшы прафесіяналізм, самаадданасць і дабрыня сэрцаў работнікаў Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы, а таксама сіла духу самой пацыенткі, якая не паддалася адчаю ў цяжкіх абставінах.

Хвароба развівалася імкліва. Калі пачаліся кашаль і боль між рэбрамі, палачанка выклікала хуткую дапамогу. Прозвішча маладога фельчара, які прыехаў, Галіна Аляксандраўна не ведае, але ўдзячная яму за тое, што своечасова пачуў шумы ў лёгкіх і адразу прапанаваў шпіталізацыю. Падзеі, якія адбыліся далей, яна памятае ўрыўкамі, бо вялікую частку часу правяла без прытомнасці. Аднавіць храналогію дапамаглі сваякі і ўрачы.

Загадчык пульманалагічнага аддзялення Полацкай гарадской бальніцы №1 Дзяніс Новаенка распавёў, што ўжо праз два дні пасля паступлення 67-гадовую жанчыну прыйшлося перавесці ў рэанімацыю. У яе ўзнялася тэмпература, абследаванне на КТ выявіла вірусную пнеўманію цяжкай ступені.

Пацыентку адразу ж падключылі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, які дыхаў за яе 44 дні. А ў цэлым лячэнне працягвалася 79 дзён. Вяртанне да нармальнага жыцця пасля такога доўгага найцяжэйшага стану — унікальны выпадак і для Полацка, і для ўсёй Беларусі. Паступова насычэнне артэрыяльнай крыві кіслародам паляпшалася. Галіна Аляксандраўна пачала дыхаць самастойна, але пасля дзевяці курсаў антыбіётыкатэрапіі і доўгага часу, праведзенага пад наркозам у штучнай коме, была зусім аслабленая. Таму важную частку лячэння склалі рэабілітацыйныя мерапрыемствы — масаж, фізкультура, дыхальная гімнастыка. А галоўнае — няспынны догляд, падтрымка, уважлівасць, добразычлівасць усяго медыцынскага персаналу.

- Праца была зроблена каласальная. Мы верылі ў перамогу. Гэта агульны поспех, у які ўкладзена душа кожнага нашага супрацоўніка, — адзначыла загадчыца гарадской бальніцы №1 Жанна Канавалава.

Значным фактарам адужання яна лічыць сілу волі пацыенткі, яе настроенасць на пазітыўны вынік. Калі чалавек унутрана здаецца, хвароба можа не адступіць, а калі змагаецца — уключаюцца дадатковыя рэзервы арганізма. У любых самых складаных сітуацыях нельга падаць духам.

І Галіна Рубанава даказала гэта. Ёй трэба будзе прайсці яшчэ доўгі шлях канчатковага выздараўлення, але яна працягвае заставацца байцом. Як бы ні было цяжка, працуе над сабой: стараецца перасіліць боль, устаць з ложка і хадзіць. Кажа, што ёсць дзеля каго жыць. Хочацца яшчэ парадавацца поспехам дзяцей і ўнукаў, паглядзець, як расце самы юны спадчыннік роду — праўнучак Ромка, якога ўнучка нарадзіла, пакуль Галіна Аляксандраўна была ў бальніцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0