ЗША павінны зрабіць больш жорсткім падыход у дачыненні да Расіі, каб яе кіраўніцтва змяніла палітыку на міжнароднай арэне. Пра гэта ў чацвер, 9 ліпеня, заявіў былы намеснік памочніка міністра абароны ЗША па Еўропе і НАТА Ян Бжэзінскі — сын былога дарадцы па нацбяспецы прэзідэнта ЗША Збігнева Бжэзінскага, піша rbc.ru.

«Цягам апошніх 15 гадоў адказ Захаду, у тым ліку ЗША, на расейскую актыўнасць уключаў у сябе абмежаваныя меры ціску, такія як эканамічныя санкцыі і адпраўка вайскоўцаў [у Еўропу разам з] нядоўгатэрміновай дыпламатычнай ізаляцыяй. <…> Усё гэта не прывяло да змянення [Уладзімірам] Пуціным свайго курсу і, верагодна, нават надало яму адвагі», — сказаў ён падчас слуханняў у палаце прадстаўнікоў.

Злучаным Штатам трэба адмовіцца ад палавіністага падыходу да Расіі і прыняць жорсткія меры для яе стрымлівання, перакананы Бжэзінскі. Па-першае, паводле яго слоў, НАТА павінна нарасціць гатоўнасць да ўдзелу ў канфліктах высокай ступені інтэнсіўнасці, улічваючы канцэнтрацыю ваеннай сілы Расіі на ўсходніх межах альянсу. Саюзнікам Вашынгтона ў Еўропе варта працягваць умацоўваць свае ваенныя сілы, а ЗША — перадыслацыраваць больш войскаў ва ўсходнееўрапейскія краіны на пастаяннай аснове. Па-другое, ЗША павінны больш актыўна спрыяць уступленню Грузіі і Украіны ў НАТА, параіў Бжэзінскі. Па-трэцяе, амерыканскае кіраўніцтва павінна больш жорстка спыняць спробы Расіі пашырыць недакладную інфармацыю. Па-чацвёртае, Вашынгтону варта зрабіць больш жорсткімі санкцыі супраць Расіі — прычым як абмежаванні супраць канкрэтных асоб, так і супраць сектараў эканомікі.

Уладзімір Пуцін — прагматычны палітык і зменіць свае паводзіны пад націскам новай хвалі абмежавальных мер, запэўніў Бжэзінскі чальцоў палаты прадстаўнікоў. Пры адсутнасці ціску расейскі лідар будзе толькі прымаць ўсё больш рызыкоўныя дзеянні, упэўнены былы чыноўнік.

Падчас слуханняў крытыкаваў Расію і намеснік старшыні камітэта палаты прадстаўнікоў па замежных справах Майкл Маккол. Паводле яго слоў, ЗША варта сур'ёзна паставіцца да паведамленняў у СМІ пра тое, што Расія прапаноўвала талібам узнагароду за забойства амерыканскіх салдат. На думку Маккола, гэта адпавядала б рэпутацыі і характару дзеянняў расейскага кіраўніцтва, якое імкнецца дэстабілізаваць краіны Захаду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0