Адвакат Віктара Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі пракаментаваў у сваім фэйсбуку сюжэт АНТ, у якім была паказаная вочная стаўка Бабарыкі з в. а. старшыні праўлення Белгазпрамбанка Кірылам Бадзеем.
АНТ паказаў кадры вочнай стаўкі Бабарыкі з падначаленымі. Бабарыка не кажа ні слова
Адвакат называе сюжэт «кіно, пра якое яшчэ складуць песні».
«Рэцэпт кіно просты: падпіскі аб неразгалошванні (узятыя з абароны, што абцяжарвае абвяржэнне), мантаж (бо ёсць столькі нязручных для кіно момантаў), закадравы тэкст (закліканы ліквідаваць сумневы ў тых, хто прывык верыць і адвык думаць).
Расказаць пару сказаў тэксту пад відэа — адно, даказаць дастатковасць гэтых слоў у судзе — іншае. Асабліва калі ёсць чым іх аспрэчыць. Спаборнасць і публічнасць — няпростыя ўмовы, іх не кожны актор вытрымае, а ўжо змешчаны ў СІЗА абывацель — тым больш. Таму рэпетыцыі пачаліся маштабна. Здзіўляе толькі нізкапробнасць.
Дакладна скажу адно: калі дастаткова доказаў, кіно паказваць няма патрэбы.
Раз кіно з'явілася, значыць грош цана сцэнару.
А наогул мы радыя гэтаму «ўзважанаму» кроку аўтараў, таму што цяпер усё выглядае яшчэ больш абсурдна і з'явіўся вялікі прастор для адказу, які не прымусіць сябе чакаць», — піша Лаеўскі.
Тэлеканал не дае слова ані Бабарыку, ані яго адвакатам ці прадстаўнікам, каб яны падалі сваю версію падзей, а запіс пры гэтым мае змантажаваны характар.
Варта адзначыць, што паказ вочнай стаўкі ў СМІ таксама пярэчыць як таямніцы следства, так і прэзумпцыі невінаватасці.