Перавод студэнтам Мінскага інавацыйнага ўніверсітэта патрэбны, каб атрымаць дыпломы дзяржаўнага ўзору. Усё праз тое, што МІУ ўжо некалькі разоў атрымліваў адмову ў акрэдытацыі.

Мінскі інавацыйны ўніверсітэт. Фота Miu.by

Мінскі інавацыйны ўніверсітэт. Фота Miu.by

На сустрэчы студэнтаў спецыяльнасці «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» з прадстаўніком БДТУ былі названыя расцэнкі за ліквідацыю акадэмічнай розніцы пры пераводзе. Студэнтам трэцяга курса не пашанцавала больш за астатніх.

Акрамя сесіі, ім трэба здаваць 17 прадметаў і заплаціць каля 3500 рублёў. У выніку плата за перавод і навучанне для іх складзе каля 7 тысяч рублёў.

«Наша Ніва» распытала пра сітуацыю з пераводам студэнтаў першага, другога і трэцяга курсаў. 

«Чым ніжэйшы курс, тым акадэмічная розніца меншая, — распавядае студэнт Уладзіслаў, які скончыў першы курс МІУ. — І колькасць прадметаў, якія трэба здаваць пры пераводзе, таксама меншая. Напрыклад, каб мне перавесціся на другі курс, трэба заплаціць 2000 рублёў толькі акадэмічнай розніцы — гэта чатыры прадметы.

Пры гэтым акадэмічная розніца будзе ў любым выпадку, не толькі пры пераводзе ў БДТУ».

Уладзіслаў распавядае, што студэнты былі шакаваныя такім рашэннем:

«Палова аўдыторыі смяялася, палова плакала. І смешна, і грэшна — вы ж разумееце. У студэнтаў такіх грошай няма, і ніадкуль яны не з'явяцца.

Ва ўніверсітэце нам прапанавалі перавесціся на курс ніжэй, правучыцца яшчэ раз і пачакаць новай акрэдытацыі, якая будзе ў наступным годзе. За такі перавод таксама трэба плаціць, але сума там меншая, і трэба здаваць менш прадметаў».

Сам Уладзіслаў думае правучыцца яшчэ год і дачакацца яшчэ адной акрэдытацыі універсітэта. Заяўку на яе ўніверсітэт плануе падаць у сакавіку 2021 года:

«Калі зноў не пройдзем, буду пераводзіцца. Але шкада цяпер студэнтаў трэцяга курса: за перавод у іх просяць 3500 рублёў, а акрамя сесіі, ім неабходна «закрываць» 17 прадметаў.

Студэнт Антон, які скончыў трэці курс, распавядае, што дэкан БДТУ на сходзе распавёў студэнтам МІУ, што для пераводу на другі курс трэба заплаціць каля 1000 рублёў і здаць чатыры прадметы, на трэці — каля 2500 рублёў і 12 прадметаў. На чацвёрты курс — 3500 рублёў і 17 прадметаў.

«І да ўсяго гэтага трэба будзе яшчэ заплаціць за само навучанне, — распавядае Антон. - Яшчэ можна перавесціся на папярэдні курс. Студэнтам у 90% выпадкаў гэта не спадабалася. Ніхто не зможа выплаціць такія грошы.

Пасля сустрэчы рэктар даў нам прыкладна тыдзень, каб ўзважыць усе «за» і «супраць». Але на наступны дзень нашаму старасту патэлефанавалі з дэканата і сказалі, што рэктар вырашыў не расфарміроўваць дзённае навучанне. Маўляў, мы застаемся вучыцца ў МІУ. На пытанне, што будзе з дыпломам і акрэдытацыяй, старасту адказалі: «Будзем спадзявацца на тое, што ў наступным годзе акрэдытацыю пройдзем».

Студэнтка Ксенія, якая перайшла на 3 курс, распавядае, што пасля навіны пра кошт пераводу ўся яе група ездзіла ва ўсе універсітэты, у якіх ёсць такая спецыяльнасць. У выніку БДУІР нават не даў адказу, а БНТУ прапанаваў страціць год і перайсці на курс раней, каб не было такой вялікай акадэмічнай розніцы.

«Зразумелая справа, нікога гэта не задавальняе, бо губляць год не праз нашу памылку — вялікае расчараванне. Ды не ўсе сем'і могуць сабе дазволіць вучыць дзяцей на год даўжэй.

Але альтэрнатывы нам не прапанавалі. Мы не ведаем, што рабіць далей.

На наш погляд, калі б студэнтаў паважалі, то зрабілі б так, каб сітуацыя з акрэдытацыяй ніяк на нас не адбілася. Мы гатовыя здаць акадэмічную розніцу, але не гатовыя плаціць за яе велізарныя грошы і губляць курс.

Ёсць яшчэ адзін цікавы факт. Калі ў лістападзе 2019 года ў МІУ была сустрэча з Сяргеем Каспяровічам (начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Мінадукацыі — «НН»), ён сказаў, што калі ў далейшым у спецыяльнасцяў не будзе акрэдытацыі, Мінадукацыі дапаможа перавесці нас без страт і ніводзін студэнт не пацерпіць.

У выніку ніякай дапамогі студэнты першага, другога і трэцяга курсаў так і не атрымалі. Пашанцавала толькі выпускнікам: яны досыць паспяхова абараніліся ў іншых універсітэтах».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?