Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА ў сваім тэлеграм-канале апублікавала «прагноз» на прэзідэнцкія выбары. Допіс спачатку ўвогуле з'явіўся без аніякай пазнакі аўтарства, і толькі пасля дадалося ўдакладненне, што гэта меркаванне расійскага тэлеграм-канала «Банкста».

Гэта рэдкая, фактычна адзінкавая сітуацыя, калі БелТА перапошчвае нейкія ананімныя расійскія тэлеграм-каналы. Да таго ж не сакрэт, што такія каналы гатовыя публікаваць за грошы любога кшталту замоўленыя допісы.

Што ж захацела паведаміць сваім падпісантам БелТА?

Чытачоў пераконваюць, што апошнія заявы Лукашэнкі вярнулі яму падтрымку электарату, і на выбарах ён зможа атрымаць патрэбныя 75%.

Ад Бабарыкі тым часам «адвярнулася траціна прыхільнікаў». Аўтар раіць беларускаму КДБ выставіць прэтэнзіі банкіру і ўсё ж дапусціць яго да выбараў, каб той апраўдваўся «за ўсе грахі перад выбарцамі».

Паводле прагноза, Святлана Ціханоўская атрымае 8-10%, Ганна Канапацкая, «эфектная дама, беларуская версія Сабчак», — 5%.

«Альтэрнатыўныя кандыдаты так і не змаглі прымусіць электарат задаць сабе наступнае пытанне: «За што мы выступаем — гэта зразумела, хочам перамен. А супраць чаго мы?» Адказ «супраць Лукашэнкі!» зразумелы, але прапаганда Беларусі нарэшце зарыентавалася і стала публічна ўдакладняць, «а супраць чаго канкрэтна?». І вось гэта ўдакладненне паставіла электарат ў тупік. Аказалася, збольшага ўсіх усё задавальняе. Пара скінутая, эмоцыі ўлягліся, Лукашэнка зноў на кані», — падсумоўвае ананімны аналітык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0